Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/30/990658_12345/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 03:34
30.01.2019 17:13 Эканоміка, Грамадства

Затраты на абыходжанне з адпрацаваным ядзерным палівам БелАЭС, паводле ацэнак дзяржавы, складуць да 3,5 млрд долараў за ўвесь перыяд эксплуатацыі станцыі

Мінск, 30 студзеня. Агульныя затраты на абыходжанне з адпрацаваным ядзерным палівам (АЯП) Беларускай АЭС у межах трох прыярытэтных варыянтаў, паводле ацэнак дзяржавы, складуць ад 2,5 да 3,5 млрд долараў за ўвесь перыяд эксплуатацыі станцыі — да ста гадоў. Гэта вынікае з апублікаванай на сайце Міністэрства энергетыкі табліцы адказаў на пытанні грамадскасці па дакладзе аб ацэнцы праекта стратэгіі абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам БелАЭС.

Сход з удзелам грамадскасці для абмеркавання згаданага дакладу адбыўся 14 студзеня ў Астраўцы (Гродзенская вобласць). На некаторыя пытанні грамадзян прадстаўнікі Міністэрства энергетыкі, адміністрацыі БелАЭС і мясцовых уладаў адказалі вусна. На частку пытанняў было абяцана даць пісьмовыя адказы.

У дакуменце адзначаецца, што накіраванне АЯП на перапрацоўку ў Расію з вяртаннем у краіну кароткажывучай цэзіева-стронцыевай фракцыі "не з`яўляецца самым дарагім варыянтам абарачэння", бо "значны эканамічны эфект дасягаецца шляхам адмовы ад збудавання ў Беларусі пункта глыбіннага пахавання доўгажывучых высокаактаўных адходаў".

У Беларусі разглядаюць тры варыянты абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам. Першы прадугледжвае накіраванне АЯП на доўгае захоўванне і перапрацоўку ў Расію. Паводле другога варыянту, АЯП будуць накіроўваць на перапрацоўку ў Расію пасля доўгага "сухога" захоўвання ў Беларусі. У абодвух выпадках у Беларусь будуць вяртацца радыеактыўныя адходы, што засталіся пасля перапрацоўкі паліва. Трэці варыянт заключаецца ў доўгім захоўванні адпрацаванага ядзернага паліва з яго наступным пахаваннем ў Беларусі — без адпраўкі ў Расію.

На сходзе ў Астраўцы член савета грамадскага аб`яднання "Экадом" Ірына Сухій заявіла, што, паводле ацэнак эколагаў, стварэнне інфраструктуры для доўгачасовага абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам можа абысціся Беларусі ў 2-3 млрд еўра.

АЭС узводзіцца за кошт крэдыту Расіі па тыпавым расійскім праекце ВВЭР-1200. Крэдытная лінія да 10 млрд долараў на будаўніцтва станцыі адкрытая да 2035 года. Пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў пачатку 2019 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на снежань 2019 года, другога — на ліпень 2020-га. Мяркуецца, што атамная станцыя будзе выпрацоўваць 18 млрд кВт⋅гадз электраэнергіі штогод.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239