Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/30/990685_990686/
Дата раздрукоўкі: 22.11.2019 02:55
30.01.2019 18:20 Палітыка

Суд над галоўным рэдактарам tut.by Марынай Золатавай пачнецца 12 лютага

Мінск, 30 студзеня. Суд над галоўным рэдактарам tut.by Марынай Золатавай пачнецца 12 лютага.

Справу разгледзіць суд Заводскага раёна Мінска, працэс будзе весці суддзя Аляксандр Петраш, паведамляе партал.

Хутчэй за ўсё, пасяджэнні будуць праходзіць у будынку суда Маскоўскага раёна Мінска, дзе ёсць больш прасторныя памяшканні, паведамляла раней у "Фэйсбуку" афіцыйны прадстаўнік Вярхоўнага суда Юлія Ляскава. Упершыню ў гісторыі сучаснай Беларусі будуць судзіць галоўнага рэдактара СМІ па абвінавачанні ў злачынстве, звязаным з прафесійнай дзейнасцю.

Золатава засталася адзінай абвінавачванай па "справе БелТА", астатнія фігуранты — 14 супрацоўнікаў розных СМІ — былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай. Акрамя штрафаў, журналісты былі абавязаны кампенсаваць выстаўленую шкоду. Сумы — ад 3 тыс. да 17 тыс. рублёў.

Золатаву абвінавачваюць па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса (бяздзейнасць службовай асобы), санкцыя артыкула — ад штрафу да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Першапачаткова Золатава таксама падазравалася па ч. 2 арт. 349 (несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі) КК. Менавіта па гэтым артыкуле былі абвінавачаныя астатнія фігуранты справы. З усіх падазраваных Золатава — адзіная, як высветліла следства, хто не ажыццяўляў доступ да платных матэрыялаў БелТА. Крымінальны пераслед па гэтым артыкуле ў дачыненні да Золатавай быў спынены "ў сувязі з неўчыненнем злачынства".

СК двойчы адмовіў Золатавай у задавальненні хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу паводле 86-га артыкула Крымінальнага кодэкса.

7 жніўня 2018 года ў офісах кампаній tut.by і БелаПАН прайшлі вобыскі і затрыманні. Былі затрыманыя Марына Золатава, рэдактары партала tut.by Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына і міжнародны аглядальнік інфармагенцтва Таццяна Каравянкова, уласны карэспандэнт "Нямецкай хвалі" Паўлюк Быкоўскі і рэдактар інтэрнэт-сайта газеты "Белорусы и рынок" Аляксей Жукаў. Усе яны правялі па некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы, ЗША, а таксама міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН