Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/30/eu_990559_477788/
Дата раздрукоўкі: 23.08.2019 01:05
30.01.2019 10:25 Палітыка, Грамадства, Беларусь — Еўрасаюз

Савет ЕС і Еўрапарламент узгаднілі новыя правілы выдачы кароткатэрміновых віз

Мінск, 30 студзеня. Савет Еўрасаюза і Еўрапарламент узгаднілі новы візавы кодэкс, які спросціць выдачу кароткатэрміновых віз для паездак у ЕС.

Як паведамляецца на сайце Еўрапарламента, змены закрануць грамадзян больш як 100 краін, якія плануюць наведаць ЕС з кароткатэрміновымі візітамі (да 90 дзён на працягу паўгода).

"Галоўная мэта рэформы — спрасціць законныя паездкі з мэтай турызму, гандлю або бізнесу, адначасова прадухіляючы нелегальную іміграцыю і ўмацоўваючы ўнутраную бяспеку", — адзначаецца ў паведамленні. Падкрэсліваецца, што працэдура выдачы віз будзе наўпрост звязаная з міграцыйнай палітыкай.

Згодна з новымі правіламі, заяву на атрыманне візы можна будзе падаваць у перыяд ад шасці месяцаў (цяпер ад трох) да 15 дзён да даты меркаванай паездкі. Маракі змогуць падаваць заявы за дзевяць месяцаў да падарожжа.

Новы кодэкс прадугледжвае павелічэнне візавай пошліны з цяперашніх 60 да 80 еўра з магчымай зніжкай для асоб, якім менш за 18 гадоў. Пры гэтым дзеці да шасці гадоў, студэнты і навукоўцы па-ранейшаму будуць вызваленыя ад выплаты візавага збору. Людзі, якія здзяйсняюць частыя паездкі, змогуць разлічваць на шматразовыя візы.

Новыя правілы выдачы віз могуць быць дадаткова адаптаваныя для канкрэтнай краіны ў залежнасці ад яе супрацоўніцтва з ЕС. У паведамленні падкрэсліваецца, што гаворка ідзе ў першую чаргу аб рэадмісіі нелегальных мігрантаў.

Дасягнутае паміж Саветам ЕС і Еўрапарламентам пагадненне павінна быць зацверджанае спачатку ў камітэце ЕП па грамадзянскіх свабодах, затым за яго павінны прагаласаваць дэпутаты на пленарнай сесіі. Пасля гэтага дакумент паступіць на зацвярджэнне ў Савет ЕС. Змены ў візавым кодэксе набудуць моц праз паўгода пасля публікацыі ў Афіцыйным часопісе ЕС.

Раней у прадстаўніцтве ЕС у Беларусі БелаПАН растлумачылі, што ў выпадку падпісання Мінскам і Бруселем пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму кошт шэнгенскіх віз для Беларусі складзе 35 еўра.

Каментуючы меркаваныя змены ў візавы кодэкс, у прадстаўніцтве адзначылі, што "павелічэнне кошту віз не паўплывае на самы нізкі памер візавага збору ў 35 еўра, усталяваны ў пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму, якія заключаныя паміж ЕС і шэрагам трэціх краін, такіх як Расія, Арменія і Азербайджан".

Беларусь і ЕС ужо некалькі гадоў вядуць перамовы аб заключэнні пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі.

26 студзеня кіраўнік прадстаўніцтва ЕС Андрэа Віктарын сказала журналістам, што бакі працягваюць працу. "У мяне таксама ёсць аптымізм адносна пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму. Думаю, найбліжэйшым часам яно будзе падпісанае", — адзначыла яна.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН