Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/31/990760_478569/
Дата раздрукоўкі: 13.11.2019 18:13
31.01.2019 12:10 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка і Пуцін дамовіліся аб сустрэчы найбліжэйшым часам (дапоўнена)

Мінск, 31 студзеня. Аляксандр Лукашэнка 31 студзеня па тэлефоне абмеркаваў з расійскім калегам Уладзімірам Пуціным пытанні двухбаковага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння ў розных сферах, у тым ліку развіццё гандлёва-эканамічных адносін, паведамляе прэс-служба прэзідэнта Беларусі.

Кіраўнікі дзвюх дзяржаў абмеркавалі "ўсе пытанні агульнага характару ў адносінах дзвюх краін". У тым ліку гаворка ішла аб наданні "найбольшай эфектыўнасці" працы міжурадавай групы па паглыбленні інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы, гаворыцца ў паведамленні.

Лукашэнка і Пуцін дамовіліся найбліжэйшым часам правесці сустрэчу, на якой яны плануюць абмеркаваць рэалізацыю дамоўленасцей, дасягнутых на перамовах у Крамлі ў канцы мінулага года.

Галоўная праблема ў беларуска-расійскіх адносінах на сёння — гэта падзенне даходаў беларускага бюджэту з-за расійскага падатковага манеўру ў нафтавай сферы. У Мінску налічылі прыблізна 15 млрд долараў стратаў і разлічваюць на кампенсацыю. Масква ставіць прэферэнцыі ў залежнасць ад ступені інтэграцыі дзяржаў.

У снежні Лукашэнка і Пуцін двойчы сустракаліся ў Маскве. 25 снежня яны дамовіліся аб стварэнні рабочай групы "для вырашэння пытанняў у межах далейшай інтэграцыі дзвюх краін". Наступныя перамовы адбыліся 29 снежня і доўжыліся тры з паловай гадзіны. Афіцыйна іх вынікі апублікаваныя не былі.

10 студзеня на нарадзе з урадам Лукашэнка паведаміў, што падчас сустрэчы з Пуціным у канцы снежня абмяркоўваліся праблемныя пытанні двухбаковых адносін, у тым ліку — аб кампенсацыі беларускаму боку ў сувязі з падатковым манеўрам ў Расіі ў нафтавай сферы. "Практычна ўсе праблемы ў адносінах паміж краінамі вырашаныя ў больш ці менш прымальным варыянце, — заявіў ён. — Ніякага адарвання па пытанні кампенсацыі не было. <...> Больш за тое, прэзідэнт Расіі прапанаваў і ў новым годзе працягнуць перамовы па гэтым пытанні і выпрацаваць прымальнае рашэнне — і адзін на адзін, і ў складах працоўных груп".

Лукашэнка падкрэсліў, што гэтае пытанне трэба было ўрэгуляваць да 1 студзеня, але "ніякай катастрофы з-за таго, што ён пакуль не вырашаны, на сённяшні дзень няма". "Страты ад падатковага манеўру ў Беларусі сёлета складуць смешную суму: пры 70 доларах за бараль гэта будзе прыблізна 400 млн долараў, гэта не катастрофа. Але мы на гэта пайсці не можам, таму што з 2015 года, калі быў уведзены гэты падатковы манеўр, мы ўжо страцілі 3,6 млрд долараў. Да заканчэння гэтага падатковага манеўру, да 2025 года, мы страцім за 10,6 млрд долараў", — дадаў кіраўнік дзяржавы.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН