Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/31/990835_12345/
Дата раздрукоўкі: 05.03.2021 09:44
31.01.2019 16:14 Палітыка

Лукашэнка: Наспела пытанне стварэння арганізацыі, якая будзе ацэньваць рэйтынгі СМІ

Мінск, 31 студзеня. Інфармацыйная бяспека — гэта адзін з сур'ёзных напрамкаў бяспекі краіны ў цэлым, заявіў Аляксандр Лукашэнка 31 студзеня на нарадзе аб новых падыходах у забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі дзяржавы. 

"Хацеў бы абмеркаваць сёння шэраг пытанняў, якія тычацца перш за ўсё інфармацыйнай бяспекі нашай дзяржавы. Тут у нас прыстойны кавалак працы. Не сказаў бы, што мы атрымалі поспех у гэтым плане. Пытанне вельмі сур'ёзнае", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Паводле яго слоў, адпаведнае пытанне закраналася і ў час праведзенай непасрэдна перад нарадай тэлефоннай размовы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. "У плане маючай адбыцца сустрэчы вызначыліся, што мы сур'ёзна абмяркуем гэтую праблему ў кантэксце нашых двухбаковых адносін, дзе мы можам папрацаваць разам", — паведаміў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што сёння пытанне інфармацыйнай бяспекі выйшла на пярэдні план у функцыянаванні любой дзяржавы. "Скажам прама (не дай бог, вядома): любая халодная ці тым больш гарачая вайна ніколі не пачынаецца без інфармацыйнага націску і проціборства, — падкрэсліў Лукашэнка. — Таму ў больш маштабным, сур'ёзным ключы мы гэтую праблему ўсебакова прааналізуем на бліжэйшым пасяджэнні Савета бяспекі Беларусі. Гэтае пытанне нумар адзін, якое мы разгледзім".

Лукашэнка таксама адзначыў: "Прапагандаваць нам асабліва не трэба. А весці барацьбу за свае прынцыпы, падымаць імідж нашай краіны — гэта трэба. І супрацьстаяць, асабліва ў СМІ, тым нападам, якія робяцца на Беларусь (а яны часам з розных бакоў робяцца), мы павінны ўмець. І нам трэба ў гэтым плане вызначыцца. Менавіта інфармацыйная бяспека ў кантэксце СМІ, асабліва інтэрнэту, — гэта асноўнае пытанне".

Лукашэнка падкрэсліў, што пры гэтым галоўная тэма — эфектыўнасць. "Эфектыўнасць у нас пакуль слабая, асабліва ў проціборстве з рознага роду каналамі, старонкамі і сайтамі ў інтэрнэце. Вы бачыце, што сёння адбываецца. Мы слаба процідзейнічаем. Але спецыялістаў, прафесіяналаў у нас хоць адбаўляй. Проста не было адпаведнай арганізацыі. Гэта трэба ўмець рабіць", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, таксама наспела пытанне стварэння арганізацыі, якая будзе ацэньваць рэйтынгі СМІ. "Але яе трэба зрабіць такой, каб ёй давяралі людзі і, перш за ўсё, СМІ, якія будуць падлягаць гэтай ацэнцы", — заявіў Лукашэнка.

Яшчэ адзін блок пытанняў на нарадзе датычыўся рэкламнага рынку Беларусі. "Трэба паглядзець, як яго можна абараніць, калі ў гэтым ёсць пэўная патрэба. Словам, у якім кірунку, у якім кантэксце мы будзем дзейнічаць у плане рэкламы ў СМІ, каб гэтыя грошы засталіся перш за ўсё ў нас у краіне, у вас — вядучых сродкаў масавай інфармацыі", — сказаў Лукашэнка.

На нарадзе прысутнічалі прадстаўнікі Адміністрацыі прэзідэнта, кіраўнікі СМІ, эксперты, адзначае прэс-служба.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239