Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/01/31/990856_123/
Дата раздрукоўкі: 22.11.2019 03:01
31.01.2019 16:44 Палітыка

На нарадзе ў Лукашэнкі прынятае рашэнне стварыць арганізацыю па палітычным аналізе сітуацыі ў Беларусі і за мяжой

Мінск, 31 студзеня. На нарадзе аб новых падыходах у забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі дзяржавы 31 студзеня прынятае рашэнне аб стварэнні навуковай арганізацыі, якая будзе займацца палітычным аналізам сітуацыі ў Беларусі і за мяжой. Пра гэта паведаміў у эфіры тэлеканала ОНТ начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі Беларусі Алег Макараў.

"На нарадзе ў кіраўніка дзяржавы абмяркоўваліся пытанні павышэння якасці інфармацыйна-аналітычнай дзейнасці, у тым ліку пытанні інфармацыйнай бяспекі, — распавёў Макараў. — Кіраўніком дзяржавы прынятае рашэнне аб стварэнні ў рэспубліцы навуковай арганізацыі, якая б займалася пытаннямі палітычнага аналізу і даследавала б інфармацыйныя патокі і знешнія, і ўнутраныя, і рыхтавала б важны стратэгічны аналіз сітуацыі ў краіне і за мяжой".

У сваю чаргу прэс-сакратар прэзідэнта Наталля Эйсмант паведаміла, што кіраўніку дзяржавы прапанаваныя розныя варыянты арганізацыі сістэмы медыявымярэнняў: ад прыцягнення замежнай, міжнародна прызнанай даследчай кампаніі да арганізацыі ўласнага дзяржаўнага вымяральніка.

"Выслухаўшы ўсе аргументы, кіраўнік дзяржавы абазначыў галоўны крытэр — сістэма павінна працаваць у інтарэсах краіны — і даручыў пасля дадатковага абмеркавання ў аператыўныя тэрміны ўнесці канкрэтную прапанову. Плануецца, што дакумент будзе ўнесены на разгляд ужо ў найбліжэйшыя дні", — адзначалася ў тэлесюжэце.

Як паведамлялася раней, Лукашэнка на нарадзе назваў інфармацыйную бяспеку адным з сур'ёзных напрамкаў бяспекі краіны ў цэлым, а таксама заявіў, што наспела пытанне стварэння арганізацыі, якая будзе ацэньваць рэйтынгі СМІ.

"Любая халодная ці тым больш гарачая вайна ніколі не пачынаецца без інфармацыйнага націску і проціборства, — падкрэсліў Лукашэнка. — Таму ў больш маштабным, сур'ёзным ключы мы гэтую праблему ўсебакова прааналізуем на бліжэйшым пасяджэнні Савета бяспекі Беларусі. Гэтае пытанне нумар адзін, якое мы разгледзім".

Ён заявіў пра неабходнасць эфектыўна супрацьстаяць атакам на Беларусь, якія робяцца ў СМІ. "Эфектыўнасць у нас пакуль слабая, асабліва ў проціборстве з рознага роду каналамі, старонкамі і сайтамі ў інтэрнэце. Вы бачыце, што сёння адбываецца. Мы слаба процідзейнічаем. Але спецыялістаў, прафесіяналаў у нас хоць адбаўляй. Проста не было адпаведнай арганізацыі. Гэта трэба ўмець рабіць", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН