Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/01/991011_12345/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 10:40
01.02.2019 15:39 Грамадства

Следчы камітэт не знайшоў падстаў для праверкі выказванняў міністра ўнутраных спраў Шуневіча

Мінск, 1 лютага. Следчы камітэт адмовіў у правядзенні праверкі выказванняў міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча. Гэта вынікае з адказу, які праваабаронца Валянцін Стэфановіч атрымаў на свой зварот.

Нагадаем, Стэфановіч і старшыня закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі накіравалі заявы ў СК і Генеральную пракуратуру з патрабаваннем прыцягнуць Шуневіча да крымінальнай адказнасці ў сувязі з яго дыскрымінацыйнымі, на іх думку, выказваннямі.

У адказе са Следчага камітэта адзначаецца, што ў заяве "няма аб'ектыўных дадзеных, якія паказваюць на наяўнасць прыкмет злачынства", а ў пералічаных у заяве інфармацыйных рэсурсах "фармулёвак, фраз і выразаў, накіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці, не выяўлена".

"Такім чынам, без усялякіх лінгвістычных экспертыз прадстаўнікі СК узялі і вырашылі, што ў выказваннях Шуневіча няма распальвання варожасці, там нават не правялі праверку па заяве ў парадку і ў тэрміны, устаноўленыя КПК, — адзначыў Стэфановіч. — Акрамя таго, далей у сваім адказе СК піша, што "чыё-небудзь меркаванне, каментары да падзей, якія адбыліся, не ёсць прычынай для правядзення праверкі ў парадку, устаноўленым КПК".

Раней Генпракуратура таксама паведаміла, што не бачыць падстаў для рэагавання на выказванні Шуневіча.

Гаворка ідзе пра інтэрв'ю міністра тэлеканалу ОНТ, у якім ён выказаўся з нагоды грамадзян Беларусі, што належаць да супольнасці ЛГБТК +, назваўшы іх "дзіравымі".

Як адзначалі праваабаронцы, "у беларускім грамадстве і так дастаткова высокі ўзровень гамафобіі, што часам прыводзіць нават да здзяйснення злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян па матывах нянавісці менавіта па прыкмеце іх сексуальнай арыентацыі". "Замест таго каб супрацьстаяць такім негатыўным праявам, міністр Шуневіч дазваляе сабе ўжываць жарганізмы, характэрныя для носьбітаў крымінальнай субкультуры альбо носьбітаў неанацысцкіх поглядаў", — падкрэслівалася ў звароце.

"Гэтыя выказванні носяць вельмі абразлівы характар, прапагандуюць у беларускім грамадстве нянавісць і дыскрымінацыю ў дачыненні да грамадзян краіны, на падставе іх сексуальнай арыентацыі, спрыяюць іх далейшай стыгматызацыі", — адзначалі аўтары.

Праваабаронцы лічаць, што выказванні Шуневіча, які з'яўляецца службовай асобай, уяўляюць сабой "не што іншае, як падбухторванне да дыскрымінацыі, варожасці да грамадзянаў краіны па дыскрымінацыйнай прыкмеце — сексуальнай арыентацыі, фармуюць непрыязнасць, пачуццё агіды, нянавісці і варожасці да прадстаўнікоў гэтай групы". На іх думку, у дзеяннях міністра ўнутраных спраў можа ўтрымлівацца склад злачынства па арт. 130 КК Рэспублікі Беларусь (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці або розні).

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239