Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/01/991045_12345/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 09:29
01.02.2019 16:45 Грамадства, Палітыка

Гродзенскія журналісты Кіркевіч і Дзянісаў аштрафаваныя за супрацоўніцтва з "Белсатам"

Мінск, 1 лютага. Суд Ленінскага раёна Гродна 1 лютага аштрафаваў журналістаў-фрылансараў Аляксандра Дзянісава і Аляксандра Кіркевіча за супрацоўніцтва з тэлеканалам "Белсат". Як паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў, яны прызнаныя вінаватымі ў незаконным вырабе і распаўсюджванні прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі (ч. 2 арт. 22.9 КоАП). Суддзя Руслан Гурын прызначыў абодвум штраф у памеры 30 базавых велічынь (765 рублёў).

Падставай для адміністратыўнага пераследу стаў відэарэпартаж, паказаны 7 снежня 2018 года ў эфіры "Белсата". У сюжэце распавядалася пра намер гродзенскіх гісторыкаў і грамадскіх актывістаў адкрыць для наведвання турыстаў гарадскія склепы.

Журналісты ў судзе адмовіліся даваць якія-небудзь тлумачэнні.

"Вынік прадказальны, ніякіх ілюзій я не меў, наўрад ці варта чакаць нейкіх апраўдальных прысудаў, — адзначыў Кіркевіч у каментары прэс-службе БАЖ. — Журналіста трэба судзіць за паклёп, за дзейнасць супраць сваёй краіны, але не за матэрыялы пра культуру, гісторыю, турыстычным патэнцыяле свайго горада. Гэта нонсэнс".

Паводле слоў Дзянісава, у яго ўзнікла адчуванне, што пытанне складалася толькі ў памерах штрафу. "Я вельмі абураны тым, што судзяць за тое, што робіш культурны матэрыял, цалкам бяскрыўдны, які рэкламуе і наш горад, і нашу краіну. Буду абавязкова аспрэчваць рашэнне ў абласным судзе", — заявіў ён.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239