Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/01/eu_991014_12345/
Дата раздрукоўкі: 24.04.2019 13:38
01.02.2019 15:58 Культура, Беларусь — Еўрасаюз

У Нацыянальным адборачным туры конкурсу "Еўрабачанне-2019" возьмуць удзел 113 выканаўцаў з 15 краін

Мінск, 1 лютага. Заяўкі на ўдзел у Нацыянальным адборачным туры конкурсу песні "Еўрабачанне-2019" паступілі ад 113 выканаўцаў з 15 краін, паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

Прыём заявак завяршыўся 31 студзеня. Пазмагацца за права прадстаўляць Беларусь на песенным конкурсе ў Ізраілі акрамя беларускіх грамадзян вырашылі выканаўцы з Расіі, Украіны, Польшчы, Румыніі, Італіі, Іспаніі, Партугаліі, Вялікабрытаніі, Швецыі, ЗША, Канады, Латвіі, Ізраіля, Нігерыі. Праслухоўванне прэтэндэнтаў адбудзецца 4 лютага.

Як адзначылі ў прэс-службе, з 22 па 31 студзеня была пададзеная рэкордная за апошнія 7 гадоў колькасць заявак. У 2018 годзе было 93 жадаючых удзельнічаць у "Еўрабачанні" ад Беларусі, у 2017-м — 67.

Заяўкі ўсіх прэтэндэнтаў будуць правераныя арганізатарамі на прадмет адпаведнасці ўмовам палажэння аб нацыянальным адборы.

У спісе прэтэндэнтаў ёсць як пачаткоўцы, так і ўдзельнікі адбораў на дарослае і дзіцячае "Еўрабачанне" мінулых гадоў: Зена, Анжаліка Пушнова, Michael Soul, Alen Hit, Наталля Кудрына, Дзіяна Громава, групы Aura, "PROвакацыя" і Napoli.

З найбольш вядомых на міжнароднай арэне музыкаў на нацадбор заявіліся шведскі рок-гітарыст і вакаліст Себасцьян Роос. З Вялікабрытаніі прыедзе дуэт Daz Sampson & Nona з песняй "Дзіўныя чаравікі", з Румыніі — спявак Mihai Traistariu. Абодва прэтэндэнты прадстаўлялі свае краіны на "Еўрабачанні-2006". Хочуць патрапіць у фінал удзельнікі расійскага тэлепраекта "Дом-2" Віталь Варанко і Арцём Сарока.

4 лютага фокус-група падвядзе вынікі адборачнага тура. Простай большасцю галасоў будуць вызначаны 10 выканаўцаў для ўдзелу ў фінале. Колькасць удзельнікаў, адабраных для фіналу, можа быць змененая рашэннем арганізатара па прапанове фокус-групы.

Фінал павінен адбыцца не пазней за 8 сакавіка ў прамым эфіры ў форме шоў. Пераможца вызначыцца шляхам падсумоўвання балаў, выстаўленых членамі прафесійнага журы кожнаму ўдзельніку. Галасаванне журы будзе праводзіцца публічна. Фіналіст, які набраў найбольшую колькасць балаў па выніках галасавання, будзе абвешчаны пераможцам і стане афіцыйным прадстаўніком Беларусі на міжнародным конкурсе.

"Еўрабачанне-2019" пройдзе ў маі ў Тэль-Авіве (Ізраіль). Паўфіналы адбудуцца 14 і 16 мая, фінал — 18 мая.

Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН