Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/04/991235_123456/
Дата раздрукоўкі: 24.09.2020 00:57
04.02.2019 13:20 Грамадства

Развітанне з Васілём Сёмухам адбудзецца 6 лютага

Мінск, 4 лютага. Развітанне з перакладчыкам Васілём Сёмухам, які памёр 3 лютага ва ўзросце 83 гадоў, адбудзецца 6 лютага.

Як паведаміла БелаПАН старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяна Нядбай, цырымонія пройдзе з 10.00 да 14.45 у рытуальнай зале № 1 на вуліцы Альшэўскага, 12, у Мінску.

У 14.45 памерлага павязуць у крэматорый на Паўночных могілках сталіцы.

Васіль Сёмуха нарадзіўся 18 студзеня 1936 года ў мястэчку Ясянец Брэсцкай вобласці.

Перакладаў з нямецкай, польскай, лацінскай, іспанскай, нарвежскай, армянскай, украінскай моў.

У 1959—1964 гадах працаваў рэдактарам у Беларускім дзяржаўным выдавецтве, затым — інжынерам у сектары тэхнічнай інфармацыі на Мінскім трактарным заводзе, з 1966 па 1967 гады выкладаў нямецкую мову ў школе. У 1967—1972 гадах — літсупрацоўнік газеты "Літаратура і мастацтва", па сумяшчальніцтве выкладаў нямецкую мову ў БДУ. З 1972 года — рэдактар выдавецтва "Мастацкая літаратура". З 1977 года — член Саюза пісьменнікаў СССР.

Быў звольнены з пасады рэдактара выдавецтва "Мастацкая літаратура" ў сярэдзіне 1990-х, неўзабаве пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Пасля гэтага выкладаў сусветную літаратуру ў Беларускім гуманітарным ліцэі імя Якуба
Коласа.

Вядомы як перакладчык твораў Гётэ, Шылера, Гофмана, Ніцшэ, Брэхта, Томаса Мана, Рыльке, Зюскінда, Міцкевіча, Райніса і іншых сусветна вядомых пісьменнікаў. Перакладаў тэксты для драматычных тэатраў і музычных твораў.

У 1995 годзе пераклаў на беларускую мову "Новы Запавет. Псалтыр", у 2002-м — Біблію.

Член Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра.

За плённую перакладчыцкую дзейнасць Сёмуха ўзнагароджаны ордэнам "За заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Германія", удастоены вышэйшай узнагароды Латвіі — ордэна Трох зорак, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239