Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/06/991715_147745/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 10:18
06.02.2019 18:03 Грамадства

Human Constanta заклікае ўлады Беларусі перагледзець заканадаўства аб прававым становішчы іншаземцаў

Мінск, 6 лютага. Беларуская праваабарончая арганізацыя Human Constanta заклікае ўлады перагледзець заканадаўства аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства. Пра гэта гаворыцца ў заяве праваабаронцаў, зробленай у сувязі з інфармацыяй пра самагубства ў снежні 2018 года і студзені 2019-га двух замежных грамадзян з-за пагрозы высылкі з Беларусі. Абодва загінулыя былі грамадзянамі Расіі.

"Мы заклікаем дзяржаўныя органы больш уважліва і абдумана выносіць рашэнні аб высылцы, не гнацца за паказчыкамі і прымяняць высылку як апошнюю меру, калі існуе рэальная пагроза грамадскай бяспецы. Таксама варта ўлічваць, ці ёсць у людзей магчымасць жыць у іншых краінах", — падкрэсліваецца ў заяве.

Яе аўтары адзначаюць, што палажэнне арт. 65 закона "Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь", на падставе якога іншаземца могуць выслаць з краіны ў інтарэсах грамадскага парадку, павінна прымяняцца толькі пры ўмове існавання рэальнай пагрозы грамадскаму парадку ў сувязі з яго знаходжаннем у Беларусі, калі іншыя абмежавальныя меры прымяніць немагчыма. Таксама высылка — гэта права дзяржаўных органаў, а не абавязак, таму павінен захоўвацца баланс інтарэсаў грамадства, з аднаго боку, і правоў асобнага чалавека і яго сям'і — з другога, лічаць праваабаронцы.

Яны заклікаюць больш дэталёва прапісаць падставы для высылкі і дэпартацыі. Важна таксама ўлічваць абставіны, якія могуць быць прынятыя як змякчальныя пры вынясенні рашэнняў аб высылцы, а менавіта: тэрмін пражывання ў Беларусі, наяўнасць блізкіх членаў сям'і — грамадзян Беларусі (з улікам права на сям'ю і забароны наўмыснага разрыву сямейных сувязяў), абарона правоў дзяцей і іншыя.

"Важна адзначыць, што людзі, якіх хацелі выслаць, большую частку свайго жыцця пражылі ў Беларусі, — гаворыцца ў заяве. — Згодна з прэцэдэнтамі міжнароднага права, у выніку працяглага пражывання і наладжвання моцных сямейных і культурных сувязяў краіна лічыцца роднай без прывязкі да грамадзянскай прыналежнасці. У абодвух выпадках маладыя мужчыны пражылі ў Беларусі працяглы тэрмін".

Паводле звестак праваабаронцаў, Віталь Кузьмянкоў, які скончыў жыццё самагубствам, пражыў у Беларусі 14 гадоў, Сяргей Барысаў — 17. Кузьмянкоў быў жанаты, выхоўваў шасцярых дачок. Мужчыны прыцягваліся да адказнасці за з'яўленне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане. Акрамя таго, Барысаў быў аштрафаваны за дробны крадзеж.

"Сяргей і Віталь сапраўды здзяйснялі адміністрацыйныя правапарушэнні, але ўжо панеслі пакаранні за іх у выглядзе адміністрацыйных спагнанняў. Вынясенне ў дачыненні да іх рашэння аб высылцы не з боку суда, а адміністрацыйных органаў з'яўляецца паўторным прыцягненнем да адказнасці за тыя ж правапарушэнні", — падкрэсліваецца ў заяве Human Constanta.

Установа "Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Хьюман Канстанта" (Human Constanta) — беларуская праваабарончая арганізацыя, зарэгістраваная ў 2016 годзе. Спецыялізуецца на абароне правоў замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, прасоўванні антыдыскрымінацыі і лічбавых свабод.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239