Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/06/991767_123456/
Дата раздрукоўкі: 16.07.2019 06:53
06.02.2019 21:22 Спорт, Грамадства

Еўрапейскія алімпійскія камітэты задаволены падрыхтоўкай Беларусі да Еўрагульняў

Мінск, 6 лютага. Еўрапейскія алімпійскія камітэты задаволены падрыхтоўкай Беларусі да правядзення II Еўрапейскіх гульняў. Пра гэта заявіў 6 лютага ў Рыме прэзідэнт ЕАК Янез Качыянчыч на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Беларусі Сяргеем Румасам — старшынёй аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні гульняў у Беларусі.

"Дазволю сабе зрабіць заяву ад імя Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў — мы вельмі задаволеныя працай аргкамітэта па падрыхтоўцы гульняў у Беларусі. Я ведаю, што вы вельмі адданыя гэтай справе. ЕАК таксама высока ацэньвае працу фонду "Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года", — прыводзіць словы Качыянчыч прэс-служба ўрада.

У сваю чаргу Румас адзначыў, што Беларусь рыхтуецца ўзорна правесці II Еўрапейскія гульні. "Мы рэгулярна праводзім пасяджэнні аргкамітэта, каб падрыхтоўка да Еўрапейскіх гульняў ішла на высокім узроўні, і мы правялі ўзорна гэтыя важныя для нас спаборніцтвы", — падкрэсліў ён.

Прэм'ер-міністр адзначыў, што да старту гульняў застаецца 135 дзён, і ўсе неабходныя арганізацыйныя мерапрыемствы знаходзяцца на яго пастаянным кантролі. "Мне вельмі прыемна чуць, што вы задаволены ходам падрыхтоўкі да II Еўрапейскіх гульняў", — сказаў Румас.

Янэз Качыянчыч прапанаваў асобна абмеркаваць узаемадзеянне па двух пытаннях. "Першае — гэта падрыхтоўка кадраў. Мы набліжаемся да правядзення гульняў, на ўсіх пазіцыях павінны быць вельмі кампетэнтныя і добра падрыхтаваныя людзі. Другое пытанне — працэс прыняцця рашэнняў. На фінальнай стадыі набліжэння да правядзення гульняў аргкамітэт і яго аператыўныя штабы павінны мець максімальныя паўнамоцтвы, таму што пытанні павінны вырашацца вельмі хутка", — звярнуў увагу ён.

Па выніках сустрэчы з Сяргеем Румасам прэзідэнт ЕАК расказаў журналістам, што з прэм'ер-міністрам абмяркоўваліся рабочыя моманты, якія, як правіла, узнікаюць пры арганізацыі маштабных мерапрыемстваў. Нацыянальны аргкамітэт і ЕАК будуць каардынаваць намаганні, каб Еўрапейскія гульні 2019 года прайшлі паспяхова.

II Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску на 12 спартыўных аб'ектах. Больш за 4 тыс. атлетаў з 50 краін разыграюць 199 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту. Змаганні ў васьмі відах стануць кваліфікацыйнымі да XXXII Алімпійскіх гульняў 2020 года ў Токіё. Спаборніцтвы па бадмінтоне, боксе і дзюдо пройдуць у рангу чэмпіянатаў Еўропы.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН