Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/06/991775_123456/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 11:16
06.02.2019 22:19 Эканоміка

Петрышэнка: У прыцягненні замежных студэнтаў мы арыентаваныя ў асноўным на сярэднеазіяцкія краіны, рэсурс якіх не бясконцы

Мінск, 6 лютага. Урад лічыць меры па нарошчванні экспарту адукацыйных паслуг недастаткова эфектыўнымі. Пра гэта заявіў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка 6 лютага на пасяджэнні выніковай калегіі Міністэрства адукацыі.

"Як і раней, мы арыентаваныя ў асноўным на сярэднеазіяцкія краіны, рэсурс якіх не бясконцы. Па іншых рынках праца практычна не вядзецца", — цытуе віцэ-прэм'ера прэс-служба ўрада.

З іншага боку, прадоўжыў Петрышэнка, замежным студэнтам беларускія ВНУ прапаноўваюць, як правіла, рускамоўныя адукацыйныя праграмы, што значна абмяжоўвае магчымасць беларускай сістэмы вышэйшай адукацыі па дыверсіфікацыі рынкаў. Віцэ-прэм'ер даручыў Мінадукацыі засяродзіцца на пошуку новых інструментаў, якія дазволяць узмацніць канкурэнтныя перавагі беларускіх навучальных устаноў. Акрамя таго, былі дадзены даручэнні ў частцы развіцця адукацыйнага турызму.

Як адзначыў Петрышэнка, сёння беларускую моладзь прыцягваюць на навучанне ў Польшчу, Літву, Чэхію, прапаноўваючы розныя прэферэнцыі, у тым ліку навучанне на англійскай мове з выкарыстаннем самых сучасных тэхналогій. Віцэ-прэм'ер заклікаў рэктараў ВНУ не быць староннімі назіральнікамі працэсу і выпраўляць сітуацыю. "Неабходна павышаць канкурэнтаздольнасць і прэстыжнасць прафесійнай падрыхтоўкі ва ўстановах вышэйшай адукацыі краіны, выпрацаваць прынцыпова новыя падыходы да арганізацыі адукацыйнага працэсу, прадугледзець пашырэнне падрыхтоўкі на замежных мовах, прыцягненне выкладчыкаў вядучых замежных універсітэтаў, вопытных кіраўнікоў і спецыялістаў-практыкаў найбольш паспяховых айчынных структур і арганізацый", — сказаў віцэ-прэм'ер. Ён назваў гэта асноўнай задачай на найбліжэйшую перспектыву.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239