Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/06/eu_991712_123456/
Дата раздрукоўкі: 11.12.2019 23:41
06.02.2019 17:15 Эканоміка, Беларусь — Еўрасаюз

Прэм`ер-міністр Сяргей Румас ажыццяўляе рабочы візіт у Італію

Мінск, 6 лютага. Прэм`ер-міністр Беларусі Сяргей Румас ажыццяўляе рабочы візіт у Італію. 6 лютага кіраўнік беларускага ўрада сустрэўся з намеснікам старшыні Савета міністраў Італіі, міністрам эканамічнага развіцця, працы і сацыяльнай палітыкі Луіджы Ды Мая.

Як паведамляе прэс-служба беларускага ўрада, гэта першая на ўзроўні кіраўніцтва ўрадаў Беларусі і Італіі сустрэча за апошнія дзесяць гадоў, што важна для актывізацыі двухбаковага дыялогу.

У ходзе перамоў Румас адзначыў, што Беларусь нацэлена на больш цеснае супрацоўніцтва з Італіяй. Ён прапанаваў аднавіць у актыўным фармаце працу беларуска-італьянскай міжурадавай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве. Кіраўнік урада адзначыў пазітыўныя тэндэнцыі ў двухбаковым гандлі — тавараабарот паміж Беларуссю і Італіяй у 2018 годзе вырас у параўнанні з 2017-м на 15,2% да 912,7 млн долараў. Ён таксама запрасіў італьянскія кампаніі рэалізоўваць праекты ў кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень".

Беларусь бачыць Італію традыцыйна ў ліку сяброў у Еўрасаюзе, а таксама разглядае як аднаго з асноўных эканамічных партнёраў. Разам з тым, на думку беларускага боку, патэнцыял двухбаковых адносін яшчэ не рэалізаваны ў поўнай меры.

Луіджы Ды Мая падзякаваў Сяргею Румасу за магчымасць сустрэцца асабіста і абмеркаваць шырокае кола пытанняў беларуска-італьянскага ўзаемадзеяння.

Кіраўнік беларускага ўрада запрасіў Луіджы Ды Мая наведаць Беларусь, а таксама пабалець за італьянскіх спартсменаў на II Еўрапейскіх гульнях у Мінску.

Італія традыцыйна ўваходзіць у лік важных гандлёвых партнёраў Беларусі, адзначаюць ва ўрадзе. Найбольшую долю ў беларускім экспарце занялі калійныя ўгнаенні, металапрадукцыя, мэбля, лесаматэрыялы. У цэлым пастаўкі ў Італію вяліся па 188 таварных пазіцыях. Абарот паслуг з Італіяй у студзені—лістападзе 2018 года вырас на 52,1% у параўнанні з аналагічным перыядам 2017-га да 63,6 млн долараў. Асноўны аб`ём беларускага экспарту прыпаў на транспартныя паслугі (70,1% ад агульнага аб`ёму).

У студзені—верасні 2018 года з Італіі прыцягнута інвестыцый на 18,7 млн долараў (158,3% да аналагічнага перыяду 2017 года). У Беларусі дзейнічаюць 263 прадпрыемствы з італьянскім капіталам (у тым ліку за 2018 год дадалося каля 20 кампаній).

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН