Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/06/eu_991725_123456/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 09:20
06.02.2019 17:59 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

МЗС Беларусі аб дакладзе літоўскай разведкі: Беспадстаўныя, залішне эмацыйныя ацэнкі даўно сталі фірменным знакам асобных палітыкаў Літвы

Мінск, 6 лютага. Беларускае МЗС лічыць беспадстаўнымі і залішне эмацыйнымі ацэнкі Беларусі, якія ўтрымліваюцца ў сумесным дакладзе Дэпартамента дзяржбяспекі і другога следчага ўпраўлення пры Міністэрстве нацыянальнай абароны Літвы. Дакумент "Ацэнка пагроз нацыянальнай бяспекі — 2019" быў апублікаваны 5 лютага.

"Гэты дакумент не заслугоўваў бы асаблівай увагі, калі б у ім не было так шмат месца нададзена Беларусі, — пракаментаваў 6 лютага намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі МЗС Андрэй Шупляк. — Беспадстаўныя, залішне эмацыянальныя ацэнкі, замена доказаў, заснаваных на фактах, гучнымі фразамі абразлівага толку, падобна, даўно ўжо сталі фірменным знакам асобных літоўскіх палітыкаў".

Па словах Шупляка, напярэдадні шматлікіх выбарных кампаній, запланаваных у Літве на вясну гэтага года, верагодна, "камусьці выгадна — ва ўгоду сваім вузкакарпаратыўным і вузкапартыйным інтарэсам — убіваць клін у адносіны паміж дзвюма краінамі і народамі".

"Палітыка Беларусі ў адносінах да Літвы — добразычлівая і цалкам самастойная — грунтуецца на старажытнай мудрасці, якая абвяшчае: "Суседзяў нам дае Бог". Нашы народы жылі, жывуць і будуць жыць побач, узбагачаючы адзін аднаго ўзаемавыгадным эканамічным супрацоўніцтвам, культурным ўзаемапранікненнем, ды і проста чалавечымі сувязямі", — адзначыў Шупляк.

Ён падкрэсліў, што літоўскім партнёрам важна зразумець і засвоіць абсалютны імператыў знешняй палітыкі Беларусі: пагроза суседзям ніколі не будзе зыходзіць з тэрыторыі Беларусі. "Заклікаем палітыкаў у Літве прыцішыць ваяўнічы запал і "ўзяць на ўзбраенне" больш міралюбівы тон. Наш рэгіён мае патрэбу ў міры і згодзе, а не распальванні нянавісці", — сказаў Шупляк.

Літоўскі даклад у большай ступені прысвечаны ацэнцы пагроз бяспекі Літвы, якія ідуць ад Расіі. Беларусь у дакуменце разглядаецца як фактычна падпарадкаваная РФ дзяржава, якая шмат у чым будзе дзейнічаць у яе інтарэсах.

У справаздачы гаворыцца, што Беларусь найбольш зведвае расійскі ўплыву сярод усіх краін, суседніх з Літвой. "Мінск не ў стане праводзіць цалкам незалежную палітыку з-за фінансавай залежнасці ад Расіі, нявырашаных двухбаковых пытанняў і адсутнасці эканамічных рэформ у дзяржаўным сектары", — адзначаюць аўтары дакумента.

Аналітыкі перакананыя, што ў выпадку канфлікту з НАТА Расія выкарыстае тэрыторыю Беларусі ў якасці "плацдарма для баявых дзеянняў супраць Захаду". Пры гэтым Беларусь "ўсё яшчэ бачыць у НАТА асноўную крыніцу знешняй пагрозы", таму "звязвае сваю ваенную бяспеку з Расіяй".

У ДДБ і Мінабароны Літвы перакананыя, што "паступовая ўсё больш глыбокая ваенная інтэграцыя з Расіяй зніжае здольнасць Беларусі праводзіць незалежную палітыку ў галіне абароны і бяспекі".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239