Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/07/991791_991792/
Дата раздрукоўкі: 17.09.2019 03:22
07.02.2019 09:46 Эканоміка, Фінансы

Урад і Нацбанк у студзені выплацілі па даўгах 650 млн долараў

Мінск, 7 лютага. За першы месяц 2019 года на фоне значных выплат па дзяржаўным доўгу золатавалютныя рэзервы Беларусі скараціліся на 2%, сведчаць дадзеныя Нацыянальнага банка.

"На 1 лютага 2019 года, паводле папярэдніх дадзеных, рэзервы склалі 7 млрд 17,7 млн долараў ЗША ў эквіваленце. За студзень 2019 года золатавалютныя рэзервы знізіліся на 139,9 млн долараў ЗША (на 2%)", — гаворыцца ў паведамленні галоўнага банка краіны.

Як адзначае рэгулятар, зніжэнне ўзроўню рэзерваў па выніках студзеня абумоўлена планавым пагашэннем урадам і Нацыянальным банкам знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на агульную суму каля 650 млн долараў ЗША.

"Падтрыманню ўзроўню золатавалютных рэзерваў у студзені спрыялі паступленне замежнай валюты ў бюджэт, у тым ліку ад збірання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты, павелічэнне кошту манетарнага золата, паступленне сродкаў ад продажу Нацыянальным банкам аблігацый, намінаваных у замежнай валюце", — паведамляе Нацбанк.

Варта адзначыць, што грашовыя ўлады ставяць задачу палепшыць структуру золатавалютных рэзерваў. "У свой час практычна ўсе золатавалютныя рэзервы былі пазыковымі. Цяпер мы імкнемся да таго, каб золатавалютныя рэзервы былі нашымі ўласнымі, а не пазыковыя рэсурсамі", — падкрэсліў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацбанка Андрэй Кацегаў, выступаючы на мінулым тыдні на пасяджэнні Рэспубліканскага клуба дырэктараў.

Ён адзначыў, што на 2019 год рэгулятар не прагназуе істотнай змены рэзерваў і чакае іх стабілізацыі на ўзроўні 7,1 млрд долараў.

У сувязі з гэтым Нацбанк скарачае свае даўгі. "За 2018 год Нацбанк на чыстай аснове паменшыў свае валютныя абавязацельствы на 1,1 млрд долараў", — сказаў Кацегаў.

Нагадаем, на 1 студзеня золатавалютныя рэзервы Беларусі склалі 7 млрд 157,8 млн долараў і скараціліся на 2,2%, або на 157,7 млн долараў. Згодна з асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2019 год аб'ём міжнародных рэзервовых актываў на 1 студзеня 2020 года павінен скласці не менш як 7,1 млрд долараў ЗША.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН