Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/07/991808_991809/
Дата раздрукоўкі: 17.09.2019 03:27
07.02.2019 12:18 Эканоміка, Фінансы

Лукашэнка: Сёння ўжо ніхто не кажа, што наша нацыянальная валюта такая-сякая і не такая

Мінск, 7 лютага. Аляксандр Лукашэнка канстатуе спакой на фінансавым рынку і адсутнасць якіх-небудзь насцярожанасцяў у сувязі з гэтым у грамадстве. Пра гэта ён заявіў 7 лютага на сустрэчы са старшынёй праўлення Нацыянальнага банка Паўлам Калаурам, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Абмяркоўвалася правядзенне мерапрыемстваў, прымеркаваных да 25-годдзя беларускага рубля. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, дата 25-годдзя нацыянальнай беларускай валюты павінна прагучаць у грамадстве, і ён пацікавіўся прапановамі кіраўніка Нацбанка на гэты конт.

"Хто як яе (нацыянальную валюту) называў: зайчыкам і гэтак далей. Але я згадваю тыя часы, калі ўраду, Вярхоўнаму Савету даводзілася дзейнічаць у жорсткіх умовах. Вы гэта ўсё бачылі, з чаго нам даводзілася пачынаць. Мы паступова выбудоўвалі сваю грашовую сістэму, стваралі сваю грашовую адзінку, — адзначыў Лукашэнка. — Сёння ўжо ніхто не кажа, што яна такая-сякая і не такая".

"Як бы нас нехта там не падкрытыкоўваў, тое, што было, і тое, што ёсць, — гэта неба і зямля. Можа, камусьці не падабаецца занадта жорсткая фінансавая палітыка ў дзяржаве, але яна накіравана на захаванне стабільнасці. Таму я баюся казаць дзякуй, але тым не менш работнікі Нацыянальнага банка заслугоўваюць гэтай падзякі", — заявіў ён.

Лукашэнка нагадаў, што кіраўнік Нацбанка нясе персанальную адказнасць за забеспячэнне фінансавай стабільнасці. "Кіраўнікі камерцыйных банкаў ведаюць гэтыя падыходы. Імкніцеся знайсці з імі агульную мову і выбудаваць бяспечную працу ў сферы фінансаў. У апошні час мы менш гаворым пра грошы, фінансы. Кажуць, грошы любяць цішыню. Мы прытрымліваемся гэтага прынцыпу", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Як паведамляў БелаПАН, Нацыянальны банк ініцыюе заканадаўчае замацаванне за сабой функцыі забеспячэння ў Беларусі фінансавай стабільнасці. На думку рэгулятара, бягучая прававая лакалізацыя адказнасці Нацбанка выключна ў рамках маніторынгу фінансавай стабільнасці сумесна з урадам абмяжоўвае выпрацоўку і рэалізацыю мер па забеспячэнні стабільнасці.

Мяркуецца падрыхтоўка праекта ўказа прэзідэнта, які будзе рэгламентаваць інстытуцыйную інфраструктуру забеспячэння фінансавай стабільнасці, удакладненне функцый уцягнутых дзяржаўных органаў, надзяленне іх патрабаванымі паўнамоцтвамі, у тым ліку звязанымі з доступам да неабходных дадзеных.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН