Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/07/eu_991784_991785/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 09:08
07.02.2019 10:08 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

МЗС Францыі падзякавала Паўлу Латушку за развіццё беларуска-французскага ўзаемадзеяння

Мінск, 7 лютага. Паміж Беларуссю і Францыяй захоўваецца значны патэнцыял для далейшага развіцця адносін, рэалізацыю якога неабходна працягнуць. Пра гэта гаварылася 6 лютага ў МЗС Францыі на сустрэчы пасла Беларусі Паўла Латушкі ў сувязі з завяршэннем яго дыпмісіі з намеснікам генеральнага сакратара міністэрства Андрэ Паранам.

У ходзе сустрэчы Паран падзякаваў Латушку за шматгадовую актыўную працу па развіцці беларуска-французскага ўзаемадзеяння, высока ацаніў намаганні двух бакоў, накіраваныя на пашырэнне супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай і гуманітарнай сферах, паведамляе пасольства Беларусі ў Францыі.

Прадстаўнік французскага знешнепалітычнага ведамства асабліва адзначыў важнасць стварэння і паспяховага функцыянавання міжурадавай гандлёва-эканамічнай камісіі, візіт у Беларусь у 2018 годзе дзяржаўнага сакратара МЗС Жана Батыста Лемуана, рэгулярнасць палітычнага дыялогу, развіццё інстытута ганаровых консулаў і ўзаемадзеянне ў культурнай сферы.

Латушка падкрэсліў, што Францыя з'яўляецца адной з вядучых краін ЕС і Беларусь надае вялікае значэнне развіццю супрацоўніцтва з французскім бокам. Пасол таксама адзначыў важнасць вышэйзгаданых кірункаў узаемадзеяння, падкрэсліў, што паміж дзвюма дзяржавамі сфарміраваны дастаткова шырокі інструментарый супрацоўніцтва: высокі ўзровень дыялогу паміж МЗС і парламентамі, бізнес-форумы і эканамічныя прэзентацыі, міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, узаемадзеянне ў галіне культуры і іншых гуманітарных сферах.

Латушка выказаў удзячнасць кіраўніцтву МЗС Францыі, дэпартаменту кантынентальнай Еўропы МЗС Францыі, а таксама французскаму пасольству ў Беларусі за канструктыўнае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне ў рэалізацыі праектаў, накіраваных на ўмацаванне беларуска-французскіх адносін.

15 студзеня Аляксандр Лукашэнка прызначыў новага пасла Беларусі ў Францыі — ім стаў Ігар Фісенка, які да гэтага займаў пасаду начальніка галоўнага консульскага ўпраўлення Міністэрства замежных спраў. Фісенка таксама прызначаны па сумяшчальніцтве пастаянным прадстаўніком Беларусі пры ЮНЕСКА. Пры прызначэнні новага пасла Лукашэнка заявіў, што Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні кантактаў з Францыяй.

Павел Латушка паслом у Францыі і пастаянным прадстаўніком Беларусі пры ЮНЕСКА працаваў больш за шэсць гадоў.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239