Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/08/992100_112233/
Дата раздрукоўкі: 24.10.2020 11:55
08.02.2019 17:01 Грамадства, Палітыка

Праваабаронцы просяць спецдакладчыка ААН адрэагаваць на факты жорсткага абыходжання з фігурантамі "справы графіцістаў"

Мінск, 8 лютага. Прадстаўнікі закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" звярнуліся да спецдакладчыка ААН па пытанні аб катаваннях і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжальных годнасць відах абыходжання і пакарання Нільсу Мельцэру з просьбай заклікаць беларускія ўлады правесці расследаванне фактаў жорсткага абыходжання з фігурантамі новай "справы графіцістаў".

Праваабаронцы просяць спецдакладчыка, "выкарыстоўваючы магчымасці свайго мандата, увайсці ў камунікацыю з беларускімі ўладамі па факце жорсткага і бесчалавечнага абыходжання", якое зведала адна з падазраваных па крымінальнай справе Анастасія Гусева, паведамляе сайт spring96.org.

Аўтары акцэнтуюць увагу на тым, што беларускія ўлады практычна не рэагуюць на паведамленні аб катаваннях і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжальных годнасць відах абыходжання і пакарання. "Так, у перыяд з 2012 па 2015 гады з 614 скаргаў на катаванні і жорсткае абыходжанне, атрыманых Следчым камітэтам і іншымі афіцыйнымі органамі, толькі 10 сталі прадметам крымінальных расследаванняў", — гаворыцца ў звароце.

Былы палітвязень Дзмітрый Паліенка, актывісты Яўген Чуліцкі і Анастасія Гусева былі затрыманыя міліцыяй у Мінску 21 студзеня амаль на трое сутак паводле падазрэння ў здзяйсненні злачынства на падставе арт. 341 Крымінальнага кодэкса (апаганенне будынкаў і псаванне маёмасці) за нанясенне графіці антыміліцэйскага зместу. Зараз яны знаходзяцца пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах.

23 студзеня на прэс-канферэнцыі яны заявілі аб фактах жорсткага абыходжання з боку сілавікоў. Гусева паведаміла, што ў ізалятары часовага ўтрымання ёй своечасова не аказвалі медыцынскую дапамогу, адмаўляліся правесці ў прыбіральню, парушылі працэдуру асабістага надгляду. 24 студзеня актывістка падала ў пракуратуру Мінска скаргу на дзеянні міліцыянераў і следчых у сувязі з парушэннем яе канстытуцыйных правоў, 5 лютага з заявай аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці міліцыянераў, якія затрымлівалі яго, у СК звярнуўся Паліенка.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239