Румас: Беларусь не задаволеная працай па прыцягненні буйных міжнародных спонсараў на ІІ Еўрагульні
Мінск, 8 лютага. Беларусь не задаволеная працай па прыцягненні буйных міжнародных спонсараў на II Еўрапейскія гульні ў Мінску, заявіў прэм`ер-міністр Беларусі Сяргей Румас па выніках сустрэчы з прэзідэнтам Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў (ЕАК) Янезам Качыянчычам у Рыме.
Кіраўнік Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў выказаў задавальненне тым, як ідзе падрыхтоўка да II Еўрапейскіх гульняў, паведамляе прэс-служба ўрада.
"Разам з тым мы абмеркавалі адно адчувальнае пытанне — прыцягненне міжнародных спонсараў, — раскрыў падрабязнасці перамоваў Сяргей Румас. — Паводле кантракта былі абавязацельствы (Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў) прыцягнуць буйных міжнародных спонсараў, але на сёння вынікамі гэтай працы мы не можам быць задаволеныя".
Таму на сустрэчы абмяркоўваліся магчымыя выхады з сітуацыі. "Дамовіліся, што беларускі бок возьме больш на сябе працы па прыцягненні спонсараў у такіх прэміяльных сектарах, як нафтаперапрацоўка, банкаўская справа, напоі", — адзначыў прэм`ер-міністр.
Што тычыцца падрыхтоўкі да спаборніцтваў на нацыянальным узроўні, то ўсе дзяржорганы, якія задзейнічаныя ў гэтым працэсе, ужо выходзяць на фінішную прамую па сваіх напрамках. Ключавыя пытанні разглядаюцца аргкамітэтам.
II Еўрапейскія гульні пройдуць 21—30 чэрвеня ў Мінску на 12 спартыўных аб`ектах. Больш за 4 тыс. атлетаў з 50 краін разыграюць 199 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту. Змаганні ў васьмі відах стануць кваліфікацыйнымі да XXXII Алімпійскіх гульняў 2020 года ў Токіа. Спаборніцтвы па бадмінтоне, боксе і дзюдо пройдуць у рангу чэмпіянатаў Еўропы.