Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/08/eu_992092_896325/
Дата раздрукоўкі: 21.10.2020 22:02
08.02.2019 16:33 Эканоміка, Беларусь — Еўрасаюз

Румас: Мэты ўрада Італіі шмат у чым сугучныя з тым, над чым працуе беларускі ўрад

Мінск, 8 лютага. Мэты ўрада Італіі шмат у чым сугучныя з тым, над чым працуе беларускі ўрад, заявіў прэм'ер-міністр Сяргей Румас пасля завяршэння працоўнага візіту ў еўрапейскую краіну на гэтым тыдні.

Кааліцыйны ўрад у Італіі сфармаваны прыкладна восем месяцаў таму. "Вялікая ўвага надаецца ўнутранаму парадку дня, новы ўрад вельмі ўважліва глядзіць на сітуацыю з працоўнымі месцамі, сацыяльнай абаронай работнікаў — гэта як раз тыя напрамкі, якімі займаецца і беларускі ўрад", — прыводзіць словы Румаса прэс-служба беларускага ўрада.

У Рыме ён сустрэўся з намеснікам старшыні Савета міністраў Італіі, міністрам эканамічнага развіцця, працы і сацыяльнай палітыкі Луіджы Ды Мая. За апошнія 10 гадоў гэта першая сустрэча на ўзроўні кіраўніцтва ўрадаў Беларусі і Італіі.

"Мы абмяркоўвалі не толькі вынікі сумеснага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, якое дэманструе на працягу некалькіх гадоў устойлівы рост, але і пераход да інвестыцыйнага супрацоўніцтва. У Беларусі паспяхова працуюць прыкладна 260 італьянскіх кампаній. Для іх выдзеленая цэлая прамысловая акруга ў свабоднай эканамічнай зоне "Брэст". Там прысутнічае няшмат кампаній, але на гэта ёсць шэраг аб'ектыўных прычын. Мы ўчора абмяркоўвалі, як можна прыцягнуць туды новы італьянскі капітал, якія вытворчасці можна перанесці", — сказаў Румас.

Прэм'ер-міністр звярнуў увагу, што для працы італьянскага бізнесу створаныя добрыя ўмовы як у свабодных эканамічных зонах, так і ў кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень".

Італія традыцыйна ўваходзіць у лік важных гандлёвых партнёраў Беларусі. Тавараабарот паміж краінамі у 2018 годзе вырас у параўнанні з 2017-м на 15,2% да 912,7 млн долараў. Найбольшую долю ў беларускім экспарце занялі калійныя ўгнаенні, металапрадукцыя, мэбля, лесаматэрыялы.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239