Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/09/992155_12345/
Дата раздрукоўкі: 17.02.2019 10:37
09.02.2019 15:19 Спорт, Эканоміка

Лукашэнка: Стаўка на правядзенне ў Беларусі міжнародных спартовых спаборніцтваў прыносіць не сувымерныя, а празмерныя дывідэнды

Мінск, 9 лютага. Стаўка на развіццё ў Беларусі спорту і правядзенне ў краіне буйных міжнародных спартовых спаборніцтваў прыносіць дывідэнды, заявіў Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы з журналістамі 9 лютага пасля спаборніцтваў.

"Яна не сувымерныя дывідэнды прыносіць, а празмерныя дывідэнды. Натуральна, гэта ўсё акупляецца", — прыводзіць словы кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.

Лукашэнка падкрэсліў, што ў першую чаргу гаворка ідзе пра фармаванне іміджу краіны. "За гэта — імідж краіны, піяр сапраўдны — цяпер плацяць сотні мільёнаў долараў", — адзначыў ён.

У якасці прыкладу кіраўнік дзяржавы прывёў нядаўні чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні ў Мінску. "Справа не ў гэтых капейках, якія мы выдаткуем. Хоць і гэта важна, і ў стратах мы ніколі не былі", — звярнуў увагу беларускі кіраўнік.

Гаворачы пра міжнародныя спартовыя форумы, што маюць адбыцца ў Беларусі, Лукашэнка вылучыў не толькі II Еўрапейскія гульні, але і лёгкаатлетычны матч паміж камандамі Еўропы і ЗША. "Я марыў пра гэта, я прасіў кіраўніка Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі прывезці нам матч Еўропа — ЗША. Вы ўяўляеце, якое гэта будзе свята. Гэта не ніжэй па ўзроўні, чым Еўрапейскія гульні", — упэўнены ён.

"Таму тое, што да нас едуць людзі, што яны з`язджаюць адсюль з добрым настроем, што яны захопленыя нашай краінай, пагадзіцеся, гэта нават не сотні мільёнаў долараў. Гэта ўжо мільярды. Гэта інвестыцыі. Можа быць, не ў нас з вамі, але для нашых дзяцей і ўнукаў гэта вялікі падмурак. Хай толькі яны гэтым скарыстаюцца. Таму не шкадуйце грошай на тое, каб запрасіць да сябе гасцей", — падсумаваў Лукашэнка.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН