Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/09/992161_12345/
Дата раздрукоўкі: 24.04.2019 12:57
09.02.2019 15:58 Спорт

Лукашэнка назваў ганьбай выступленне беларускіх біятланістаў у бягучым сезоне

Мінск, 9 лютага. Аляксандр Лукашэнка назваў ганьбай выступ беларускіх біятланістаў у бягучым сезоне. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў, размаўляючы з журналістамі 9 лютага пасля спаборніцтваў "Мінская лыжня". Фрагмент гутаркі быў паказаны ў эфіры навін тэлеканала "Беларусь 1".

Пытанне бягучых выступленняў біятланістаў Лукашэнка закрануў у кантэксце планаў наладжвання вытворчасці айчынных лыж, якія можна будзе выкарыстоўваць для масавага спорту і падрыхтоўкі атлетаў.

"Нам трэба лыжы, каб падрыхтаваць спартсменаў. А калі падрыхтуем такіх, як нашы Даша і Надзя (Домрачава і Скардзіна. — БелаПАН.), знойдзем тысячу пар і абярэм лепшыя, галоўнае, каб яны бегалі. І вінтоўкі ім дамо... Што заўгодна, толькі б бегалі і не ганьбілі краіну", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Як цяпер выступаюць нашы біятланісты? Гэта ганьба. Такога яшчэ не было. Я сказаў Дашы і Надзі: трэба вяртацца назад", — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, да наступнай зімы ў краіне наладзяць вытворчасць добрых айчынных лыж. "Я вам абяцаю, што ў нас будуць добрыя лыжы. Вядома, для такога ўзроўню, як Даша Домрачава або Надзя Скардзіна, мы будзем выбіраць з сотняў пар вядучых лыжных фірмаў адны лыжы, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Гэта не так проста стварыць лыжы і дацягнуцца да самай верхатуры. Я такую задачу перад спецыялістамі не стаўлю. Нам трэба лыжы для таго, каб падрыхтаваць спартоўца. А, падрыхтаваўшы яго, тым больш вялікага, мы ім купім і тысячу пар, і абярэм лепшыя".

Лукашэнка падкрэсліў, што стварэнне добрай айчыннай вытворчасці з'яўляецца толькі пытаннем часу. "Час — гэта адзін год. Да наступнай зімы мы будзем мець добрыя лыжы". Чаравікі зрабілі, палкі зрабілі, усё зрабілі. "Марка" мне перадалі чаравікі — выдатныя. Першыя я забракаваў. Другую пару перадалі — выдатныя. Трымаюць добра лыжы. Малайцы! Лыжы для пачаткоўцаў ёсць. Але нам патрэбныя сярэднія і ледзь вышэй за сярэдні ўзровень, каб падрыхтаваць спартсменаў. Мы гэтыя лыжы зробім. А пакуль закупілі — тое, што мы не можам рабіць. Ужо забяспечылі ўсіх", — распавёў беларускі кіраўнік.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН