Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/11/992214_12345/
Дата раздрукоўкі: 17.02.2019 11:10
11.02.2019 10:20 Эканоміка

Румас: За паўгода ўрад унёс каля пяці прапаноў аб аказанні дзяржпадтрымкі буйным сістэмаўтваральным прадпрыемствам

Мінск, 11 лютага. За паўгода працы ўрад унёс прыкладна пяць прапаноў аб аказанні дзяржаўнай падтрымкі буйным сістэмаўтваральным прадпрыемствам. Пра гэта заявіў у інтэрв'ю тэлеканалу ОНТ прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас, каментуючы вынікі эканамічнай нарады, якая прайшла ў прэзідэнта 5 лютага.

На нарадзе ўрад унёс прапановы па павышэнні эфектыўнасці працы асобных прадпрыемстваў. Аднак Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў спыніць падтрымку тых прадпрыемстваў, якія не спраўляюцца з пастаўленымі задачамі.

Паводле слоў Румаса, ні адна з унесеных урадам прапановаў "не ўтрымоўвала просьбаў аб выдзяленні новых аб'ёмаў дзяржпадтрымкі". "Па кожным з гэтых прадпрыемстваў два-тры гады таму было прынятае рашэнне выдзеліць ім дзяржпадтрымку з пэўнымі графікамі яе вяртання, — сказаў прэм'ер-міністр. — Сёння надышлі тэрміны вяртання гэтых сродкаў, але мы бачым, што прадпрыемствы ў сённяшніх умовах не ў стане ў адзін момант вярнуць гэтую дзяржаўную падтрымку. На гэта ёсць цэлы шэраг аб'ектыўных і суб'ектыўных прычын, якія не дазволілі прадпрыемству ўпісацца ў гэтыя графікі. І просьба ўрада пасля глыбокай прапрацоўкі гэтых пытанняў заключаецца ў тым, каб па тых прадпрыемствах, па якіх выразна бачная перспектыва іх працы, даць проста вялікую адтэрміноўку па вяртанні гэтых крэдытаў".

У якасці прыкладу Румас прывёў гомельскае прадпрыемства "Гомельшкло", якое скончыла 2018 год з "вельмі добрай рэнтабельнасцю" — каля 27%. "Але нават такая высокая рэнтабельнасць не дазволіла яму на працягу трох гадоў вярнуць сродкі, якія былі ўкладзеныя ў мадэрнізацыю, — падкрэсліў Румас. — Урад правёў перамовы з усімі камерцыйнымі банкамі, якія ўдзельнічалі ў мадэрнізацыі "Гомельшкла", знайшоў з імі разуменне. Сёння гэтыя крэдыты абслугоўваюцца, некаторыя нават датэрмінова гасяцца, але разам з тым у адзін момант пагасіць ўсю крэдытную запазычанасць прадпрыемства не ў стане".

Разам з тым, сказаў Румас, урад прымае крытыку кіраўніка дзяржавы аб тым, што неабходна адыходзіць ад дзяржпадтрымкі. "Бо па некаторых прадпрыемствах дзяржпадтрымка сапраўды аказваецца ў другі або трэці раз. Таму ўрад зробіць высновы з гэтай сітуацыі, — адзначыў прэм'ер-міністр. — Абсалютна мае рацыю кіраўнік дзяржавы, што неабходна больш жорстка падыходзіць да ацэнкі дырэктараў прадпрыемстваў і гэта не нармальная сітуацыя, калі адны і тыя ж людзі абяцаюць, не выконваюць і потым звяртаюцца за новай порцыяй падтрымкі. Таму, напэўна, з кім-небудзь з кіраўнікоў гэтых прадпрыемстваў прыйдзецца расстацца".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН