Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/11/992232_12345/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 22:51
11.02.2019 09:58 Эканоміка, Фінансы

Высокая інфляцыя ў будучым можа стаць прычынай адстаўкі кіраўніцтва Нацбанка

Мінск, 11 лютага. Нацыянальны банк ініцыюе пашырэнне сваёй аперацыйнай незалежнасці, прапаноўваючы адначасова павысіць сваю адказнасць за цэнавую стабільнасць. Адпаведныя змены, паводле звестак БелаПАН, Нацбанк плануе ўнесці ў Банкаўскі кодэкс.

Нагадаем, на мінулым тыдні адбылася сустрэча кіраўніка Нацбанка Паўла Калаура з Аляксандрам Лукашэнкам, на якой кіраўнік дзяржавы паведаміў, што цэнтральны банк ініцыюе пашырэнне сваіх паўнамоцтваў для забеспячэння фінансавай стабільнасці.

У афіцыйным паведамленні па выніках сустрэчы не называліся паўнамоцтвы, пра якія просіць Нацбанк. "Але тое, што мне даложана, я абсалютна падтрымліваю", — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да Калаура.

Як стала вядома БелаПАН, у Банкаўскі кодэкс плануецца ўнесці норму, згодна з якой праўленне Нацыянальнага банка можа быць адпраўленае ў адстаўку (у выпадку, калі на працягу некалькіх гадоў інфляцыя будзе вышэйшая за прагнааваную). Праект зменаў у Банкаўскі кодэкс прадугледжвае, што замест устаноўкі цяперашніх гадавых прагнозаў па інфляцыі будзе зацвярджацца сярэднетэрміновай арыенцір — на тры гады.

Цэнтральны банк прапануе даць яму права апублікаваць унутраны прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця, адрозны ад урадавага.

"Цяпер Нацбанк не аперуе ў публічнай прасторы сваімі ўнутранымі прагнозамі, і гэта не дазваляе цэнтральнаму банку правільна тлумачыць свае рашэнні. Цяпер грамадства не ведае, на якіх эканамічных прагнозах заснаваныя рашэнні, што прымаюцца Нацбанкам", — растлумачыў суразмоўца БелаПАН у фінансавых колах сутнасць магчымых зменаў.

Эксперт звярнуў увагу, што ў Расіі цэнтральны банк валодае адпаведнымі паўнамоцтвамі і можа апублікаваць эканамічны прагноз, які адрозніваецца ад урадавага.

Паводле звестак БелаПАН, у выпадку, калі падрыхтаваныя прапановы будуць прынятыя, Асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі, якія цяпер штогод зацвярджаюцца кіраўніком дзяржавы, Нацбанк будзе зацвярджаць самастойна.

Беларускія эканамісты лічаць, што для забеспячэння цэнавай і ў цэлым фінансавай стабільнасці аперацыйную незалежнасць Нацбанка неабходна пашырыць.

Старшыня наглядальна савета Даследчага цэнтра ІПМ Ігар Пеліпась адзначае, што Нацбанк плануе перайсці на рэжым таргетавання інфляцыі з мэтай утрымання цэнавай стабільнасці.

"Адзін з важных элементаў рэжыму таргетавання інфляцыі — камунікацыйная палітыка. Каб Нацбанк праз працэнтную стаўку мог уплываць на інфляцыю, грамадства павінна давяраць палітыцы і прагнозам цэнтральнага банка", — падкрэслівае Ігар Пеліпась.

Эксперты лічаць таксама, што цэнтральны банк павінен мець мандат на абнародаванне прагнозу, адрознага ад прагнозу ўрада.

"Каб кіраваць інфляцыяй, трэба кіраваць чаканнямі, а для гэтага ў Нацыянальнага банка павінна быць права агучваць свой прагноз. Калі палітыцы Нацбанка давяраюць, кампаніі будуць закладваць прагноз цэнтральнага банка пры падрыхтоўцы сваіх бюджэтаў і пры фарміраванні цэн. Адпаведна, заявы цэнтрабанка стануць ўплываць на інфляцыю", — мяркуе акадэмічны дырэктар Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН