Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/11/992262_12345/
Дата раздрукоўкі: 22.07.2019 12:50
11.02.2019 13:07 Грамадства

СК: Жыццю двух параненых у Стоўбцах школьнікаў нічога не пагражае

Стоўбцы, 11 лютага. Жыццю параненых пры нападзе ў СШ № 2 у Стоўбцах (Мінская вобласць) школьнікаў нічога не пагражае. Пра гэта паведаміў журналістам начальнік аддзела інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю цэнтральнага апарата Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч, які знаходзіцца на месцы трагедыі.

Паводле інфармацыі СК, раніцай 11 лютага ў міліцыю паступіла паведамленне аб тым, што вучань 10-га класа, 2003 года нараджэння, падчас раптоўна ўзніклага канфлікту прычыніў нажавыя раненні настаўніку і некалькім вучням. Ад атрыманых раненняў настаўнік і адзін вучань памерлі. Падазраваны ўцёк з месца злачынства, аднак неўзабаве быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.

Падчас следства папярэдне ўстаноўлена, што 15-гадовы падлетак прыйшоў у школу, пакінуў у кабінеце заплечнік і выйшаў. Праз некаторы час вярнуўся і ўдарыў нажом 50-гадовую настаўніцу гісторыі і грамадазнаўства, а затым двух сваіх аднакласнікаў, якія заступіліся за яе. Жанчына памерла на месцы здарэння, падлеткі ва ўзросце 15 і 16 гадоў шпіталізаваны.

Пазней падлетак выйшаў з класа і зайшоў у іншы кабінет, дзе прычыніў нажавое раненне 17-гадоваму вучню 11-га класа, які памёр на месцы здарэння. Затым падазраваны выбег з будынка навучальнай установы і паспрабаваў уцячы.

Следча-аператыўнай групай на месцы здарэння зафіксаваныя сляды, а таксама ўзятыя прадметы, прызнаныя рэчавымі доказамі. Пры затрыманні падлетка была знойдзеная меркаваная прылада злачынства — нож. Праведзеныя вобшукі, у тым ліку па месцы жыхарства падлетка, падчас якіх канфіскаваныя камп`ютарная тэхніка і іншыя электронныя прылады. Дапытваюцца сведкі, а таксама бацькі школьніка, удакладнілі ў СК.

Зараз праводзяцца следчыя дзеянні, накіраваныя на ўстанаўленне ўсіх абставінаў супрацьпраўных дзеянняў, у тым ліку матываў здзяйснення злачынства. Прызначаны комплекс экспертных даследаванняў, вытворчасць якіх даручаная спецыялістам Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

Галоўным следчым упраўленнем цэнтральнага апарата СК прынятая да вытворчасці крымінальная справа па ч. 2 арт. 139 (забойства) КК, распачатая УСК па Мінскай вобласці. Следчыя будуць хадайнічаць перад пракурорам пра ўжыванне да затрыманага меры стрымання.

Расследаванне крымінальнай справы ўзяў на асабісты кантроль старшыня СК Іван Наскевіч.

Аляксандр Ярашэвіч, Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН