Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/11/992313_992314/
Дата раздрукоўкі: 24.04.2019 13:27
11.02.2019 15:46 Палітыка, Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка з Пуціным сустрэнуцца 13 і 15 лютага

Мінск, 11 лютага. Перамовы прэзідэнтаў Беларусі і Расіі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна пройдуць 13 лютага ў Сочы і працягнуцца праз два дні — 15 лютага, паведамляе прэс-служба расійскага прэзідэнта.

"Падчас перамоў У. Пуцін і А. Лукашэнка абмяркуюць ключавыя пытанні двухбаковага парадку дня і перспектывы развіцця інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы", — удакладнілі ў прэс-службе.

"З улікам канструктыўнага развіцця расійска-беларускага ўзаемадзеяння ў культурна-гуманітарнай сферы" 15 лютага пройдзе таксама сустрэча прэзідэнтаў з міністрамі дзвюх краін, якія курыруюць адукацыю, культуру і спорт. "Будуць абмеркаваны канкрэтныя прапановы па далейшым паглыбленні супрацоўніцтва ў гэтых важных галінах", — дадалі ў прэс-службе.

31 студзеня адбылася тэлефонная размова Лукашэнкі з Пуціным. Бакі абмеркавалі "ўсе пытанні агульнага характару ў адносінах дзвюх краін", паведаміла прэс-служба беларускага кіраўніка. У прыватнасці размова ішла аб наданні "найбольшай эфектыўнасці" працы міжурадавай групы па паглыбленні інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы. Кіраўнікі дзяржаў дамовіліся ў найбліжэйшы час правесці сустрэчу, каб абмеркаваць рэалізацыю дамоўленасцяў, дасягнутых на перамовах у Крамлі ў канцы мінулага года.

8 лютага Пуцін абмеркаваў адносіны з Беларуссю з членамі Савета бяспекі РФ.

Галоўная праблема ў беларуска-расійскіх адносінах сёння — падзенне даходаў беларускага бюджэту з-за расійскага падатковага манеўру ў нафтавай сферы. У Мінску налічылі каля 15 млрд долараў стратаў і разлічваюць на кампенсацыю. Масква ставіць прэферэнцыі ў залежнасць ад ступені інтэграцыі дзяржаў.

У снежні Лукашэнка і Пуцін двойчы сустракаліся ў Маскве. 25 снежня яны дамовіліся аб стварэнні рабочай групы "для вырашэння пытанняў у рамках далейшай інтэграцыі дзвюх краін". Наступныя перамовы адбыліся 29 снежня і доўжыліся тры з паловай гадзіны. Афіцыйна іх вынікі апублікаваныя не былі. Адзіным вядомым вынікам стала стварэнне ва ўрадах дзвюх рабочых груп, з кожнага з бакоў, па праблемных пытаннях далейшай інтэграцыі.

Пасол Беларусі ў РФ Уладзімір Сямашка 7 лютага заявіў журналістам, што беларуска-расійская група па праблемных пытаннях інтэграцыі на наступным тыдні павінна прадставіць праграму дзеянняў.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН