Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/11/992354/
Дата раздрукоўкі: 20.04.2019 13:19
11.02.2019 17:49 Палітыка

Прэзідэнт Еўрапейскай народнай партыі выступіў у падтрымку Марыны Золатавай

Мінск, 11 лютага. Прэзідэнт Еўрапейскай народнай партыі Жазэф Доль ад імя партыі зрабіў заяву ў падтрымку Марыны Золатавай напярэдадні суда, што распачнецца над ёй 12 лютага.

"Еўрапейская народная партыя падтрымлівае галоўнага рэдактара tut.by Марыну Золатаву напярэдадні суда 12 лютага ў Беларусі. ЕНП заклікае ўлады забяспечыць справядлівы і незалежны суд, павагу да свабоды прэсы і свабоды слова, дазволіць прэсе дзейнічаць свабодна падчас працэсу", — заявіў Жазэф Доль у Twitter.

У сваю чаргу сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "БХД" Віталь Рымашэўскі падкрэслівае, што суд над Золатавай — гэта працэс над усёй незалежнай прэсай краіны. "Самае галоўнае пытанне ў палітычным парадку дня Беларусі — ці здолеем абараніць Марыну Золатаву, адстаяць найбуйнейшы незалежны партал tut.by. Заўтра пачнецца судовы працэс не толькі над Марынай, але над усёй незалежнай прэсай, над магчымасцю свабоды слова ў Беларусі. Зыход справы вызначыць будучыню нашай краіны на бліжэйшыя гады. Разам з нашымі партнёрамі з Еўрапейскай народнай партыі мы будзем сачыць за ходам працэсу і зробім усё магчымае дзеля таго, каб абараніць Марыну, абараніць свабоду прэсы і свабоду слова",— адзначыў сустаршыня БХД.

Золатава засталася адзінай абвінавачванай па "справе БелТА", астатнія фігуранты — 14 супрацоўнікаў розных СМІ — былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай. Акрамя штрафаў, журналісты былі абавязаны кампенсаваць выстаўленую шкоду. Сумы — ад 3 тыс. да 17 тыс. рублёў.

Золатаву абвінавачваюць па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса (бяздзейнасць службовай асобы), санкцыя артыкула — ад штрафу да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Першапачаткова Золатава таксама падазравалася па ч. 2 арт. 349 КК (несанкцыянаваны доступ да камп`ютарнай інфармацыі). Менавіта па гэтым артыкуле былі абвінавачаныя астатнія фігуранты справы. З усіх падазраваных Золатава — адзіная, як высветліла следства, хто не ажыццяўляў доступ да платных матэрыялаў БелТА. Крымінальны пераслед па гэтым артыкуле ў дачыненні да Золатавай быў спынены "ў сувязі з неўчыненнем злачынства".

СК двойчы адмовіў Золатавай у задавальненні хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу паводле 86-га артыкула Крымінальнага кодэкса.

7 жніўня 2018 года ў офісах кампаній tut.by і БелаПАН прайшлі вобыскі і затрыманні. Былі затрыманыя Марына Золатава, рэдактары партала tut.by Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына і міжнародны аглядальнік інфармагенцтва Таццяна Каравянкова, уласны карэспандэнт "Нямецкай хвалі" Паўлюк Быкоўскі і рэдактар інтэрнэт-сайта газеты "Белорусы и рынок" Аляксей Жукаў. Усе яны правялі па некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы, ЗША, а таксама міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН