Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/11/992393/
Дата раздрукоўкі: 23.04.2019 15:33
11.02.2019 21:43 Грамадства

Мітрапаліт Кандрусевіч: Прычына трагедыі ў Стоўбцах палягае ў тым ліку ў адрыве ад каранёў духоўнага жыцця

Мінск, 11 лютага. Трагедыі, у якіх гінуць людзі, робяцца рэальнасцю і сведчаць пра недахоп духоўнага складніку жыцця Беларусі. Такой заявай мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адрэагаваў на сённяшняе здарэнне ў СШ № 2 у Стоўбцах (Мінская вобласць).

Зварот старшыні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі апублікаваны на афіцыйным партале Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі.

"Мы пытаемся ў сябе: як такое магло здарыцца ў спакойнай і памяркоўнай Беларусі? — адзначыў ён. — Як хлопец, якога характарызуюць як неканфліктнага, мог здзейсніць такое жудаснае злачынства? Хто ў гэтым вінаваты? Спадзяемся, што з часам следчыя органы выявяць матывы трагедыі. Сёння, аднак, такая складаная сітуацыя змушае нас засяродзіцца над духоўнымі прычынамі таго, што здарылася ў Стоўбцах".

"Яшчэ зусім нядаўна мы дзівіліся таму, што ў амерыканскіх школах, супермаркетах і вуліцах страляюць, забіваюць і калечаць людзей, у тым ліку і дзяцей, — звярнуў увагу мітрапаліт Кандрусевіч. — Але падобная практыка становіцца рэальнасцю жыцця мірнай Беларусі. Сродкі масавай інфармацыі ўсё часцей паведамляюць аб рознага роду злачынствах, здзейсненых у нашым грамадстве: маці выкідвае на сметнік немаўлятка, сын забівае бацькоў, малады чалавек з бензапілой нападае на жанчыну ў гандлёвым цэнтры. Цяпер трагедыя ў стаўбцоўскай школе".

Ён выказаў думку, што прычыны трагедый такога кшталту глыбейшыя за сацыяльныя ці сямейныя абставіны і знаходзяцца ў адрыве чалавека "ад каранёў духоўнага жыцця — Евангелля і вучэння касцёла". Паводле слоў каталіцкага іерарха, за апошнія трыццаць гадоў сітуацыя ў Беларусі змянілася, але "не настолькі, каб максімальна спрыяць сапраўднаму духоўнаму адраджэнню". Ён лічыць, што на выхаванне моладзі сёння найбольшы ўплыў робяць "не сям’я і школа, а інтэрнэт і сродкі масавай інфармацыі", дзе дзеці найчасцей бачаць "гвалт, забойствы, алкаголь, наркотыкі, амаральны стыль жыцця".

"Калі мы шукаем прычыны гэтай жудаснай трагедыі, то перадусім павінны звярнуць увагу на праблему духоўнага выхавання маладога чалавека. Гэта той падмурак, на якім павінна будавацца будучыня моладзі, як будучыня нашай Бацькаўшчыны. Без падмурку нельга збудаваць дома. Такая будова падобна да дома, збудаванага на пяску, які змыюць патокі вады і разбураць вятры, як кажа Хрыстус. Без духоўнага падмурку няма будучыні", — адзначыў арцыбіскуп.

Трагедыя ў СШ № 2 у Стоўбцах здарылася раніцай 11 лютага. Паводле інфармацыі Следчага камітэта, вучань 10-га класа напаў з нажом на настаўніцу гісторыі, параніў двух аднакласнікаў, што спрабавалі за яе заступіцца, а затым 11-класніка, які памёр на месцы. 50-гадовая настаўніца таксама памерла.

Падлеткі 15 і 16 гадоў, якія атрымалі колата-рэзаныя нажавыя раненні, былі праапераваныя. Стан іх цяжкі, але стабільны, і жыццю нічога не пагражае.

Нападнік з месца злачынства ўцёк, але неўзабаве быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. Пры затрыманні ў падлетка была знойдзеная меркаваная прылада злачынства — нож. Упраўленнем СК па Мінскай вобласці распачатая справа на падставе ч. 2 арт. 139 КК (забойства).

У школе не ведаюць, што стала прычынай трагедыі.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН