Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/11/992398_445566/
Дата раздрукоўкі: 13.11.2019 17:58
11.02.2019 22:53 Грамадства

Следча-аператыўнай групай завершаны агляд месца здарэння ў СШ № 2 у Стоўбцах

Мінск, 11 лютага. Следча-аператыўная група завяршыла агляд месца здарэння ў стаўбцоўскай сярэдняй школе № 2 (Мінская вобласць), дзе 11 лютага было здзейсненае двайное забойства, паведамляе Следчы камітэт.

Раніцай у міліцыю паступіла інфармацыя, што вучань 10-га класа падчас раптоўна ўзніклага канфлікту прычыніў нажавыя раненні настаўніку і некалькім вучням. Ад атрыманых раненняў настаўнік і адзін вучань памерлі, яшчэ два школьнікі былі дастаўленыя ў бальніцу, дзе іх прааперавалі. Падазраваны ўцёк з месца злачынства, аднак неўзабаве быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.

Следчымі дапытаныя вучні 10-х і 11-х класаў, якія знаходзіліся ў школе ў момант здзяйснення злачынства, а таксама кіраўніцтва і работнікі школы, бацькі падазраванага, супрацоўнікі органаў унутраных спраў, якія ўдзельнічалі ў затрыманні падлетка. Канфіскаваны сервер, на якім захоўваюцца запісы школьнай сістэмы відэаназірання, яго змесціва аналізуецца. Сабраныя матэрыялы, якія характарызуюць асобу падазраванага. Прызначаная судова-медыцынская экспертыза. Праца па ўсталяванні ўсіх абставінаў злачынства працягваецца, удакладняе СК.

Падчас следства папярэдне ўстаноўлена, што 15-гадовы падлетак прыйшоў у школу, пакінуў у кабінеце заплечнік і выйшаў. Праз некаторы час вярнуўся і ўдарыў нажом 50-гадовую настаўніцу гісторыі і грамадазнаўства, а затым двух аднакласнікаў, якія заступіліся за яе. Жанчына памерла на месцы здарэння.

Пазней падлетак выйшаў з класа і зайшоў у іншы кабінет, дзе прычыніў нажавое раненне 17-гадоваму вучню 11-га класа, які памёр на месцы здарэння. Затым падазраваны паспрабаваў уцячы. Пры яго затрыманні была выяўленая меркаваная прылада злачынства — нож. Праведзеныя вобыскі, у тым ліку па месцы жыхарства падлетка, падчас якіх канфіскаваныя камп`ютарная тэхніка і іншыя электронныя прылады.

Два параненыя школьнікі былі праапераваныя ў Стаўбцоўскай цэнтральнай раённай бальніцы, іх жыццю нічога не пагражае.

Галоўным следчым упраўленнем цэнтральнага апарату СК прынятая да вытворчасці справа на падставе ч. 2 арт. 139 КК (забойства), распачатая УСК па Мінскай вобласці. Расследаванне справы знаходзіцца на асабістым кантролі старшыні СК Івана Наскевіча.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН