Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/12/992412_12345/
Дата раздрукоўкі: 17.02.2019 10:32
12.02.2019 10:08 Палітыка, Грамадства

Пачаўся суд над Марынай Золатавай

Мінск, 12 лютага. Суд Заводскага раёна Мінска 12 лютага пачаў разгляд крымінальнай справы галоўнага рэдактара партала tut.by Марыны Золатавай.

З-за шырокага грамадскага рэзанансу справы, працэс праходзіць у будынку суда Маскоўскага раёна Мінска, дзе больш прасторныя памяшканні.

Старшынюе ў судзе Аляксандр Петраш. Абвінавачванне прадстаўляе старшы пракурор аддзела Генпракуратуры Юлія Харчэйкіна.

Зала судовага пасяджэння, разлічаная на 170 чалавек, запоўненая цалкам. За працэсам назіраюць шматлікія журналісты, грамадскія актывісты, палітыкі, прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў, дыпламатычных місій ЗША, Францыі і іншых краін. Марыну Золатаву сустрэлі працяглымі апладысментамі.

Галоўны рэдактар tut.by абвінавачваецца па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса (бяздзейнасць службовай асобы). Артыкул прадугледжвае такія санкцыі, як штраф, пазбаўленне права займаць пэўныя пасады або займацца дзейнасцю тэрмінам на 5 гадоў, а таксама пазбаўленне волі на тэрмін да 5 гадоў.

Марына Золатава — адзіны фігурант так званай справы БелТА, які дайшоў да суда. Нагодай для распачынання крымінальнай справы стаў зварот гендырэктара дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА Ірыны Акуловіч у праваахоўныя органы з-за збояў пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія падаваліся названым прадпрыемствам аднаму з яго заказчыкаў.

З 7 па 9 жніўня ў рэдакцыях інфармацыйнага партала tut.by, інфармацыйнай кампаніі БелаПАН і некаторых іншых СМІ, а таксама ў шэрагу іх супрацоўнікаў прайшлі вобыскі. Акрамя Золатавай былі затрыманыя супрацоўнікі партала tut.by Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына і міжнародны аглядальнік інфармагенцтва Таццяна Каравянкова, уласны карэспандэнт "Нямецкай хвалі" Паўлюк Быкоўскі і рэдактар інтэрнэт-сайта газеты "Белорусы и рынок" Аляксей Жукаў. Яны правялі па некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання.

Першапачаткова па "справе БелТА" праходзілі 15 фігурантаў — рэдактараў і журналістаў розных СМІ. Усе яны, у тым ліку першапачаткова і Золатава, абвінавачваліся ў несанкцыянаваным доступе да камп`ютарнай інфармацыі (ч. 2 арт. 349 КК). Аднак, як высветліла следства, галоўны рэдактар tut.by не ажыццяўляла доступ да платных матэрыялаў БелТА, у выніку ёй перакваліфікавалі абвінавачанне на больш цяжкі артыкул.

У канцы лістапада 14 фігурантаў справы былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай згодна з 86-м артыкулам КК. Акрамя штрафаў у 30 базавых велічынь (735 рублёў) яны пакрылі выстаўленую шкоду, сумы якой вар`іраваліся ад 3 тыс. да 17 тыс. рублёў.

СК двойчы адмовіў Золатавай у задавальненні хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу. Спроба абскардзіць гэтыя адмовы ў Генпракуратуры не была паспяховай — пракуратура прыйшла да высновы, што абвінавачванне галоўнаму рэдактару tut.by выстаўленае абгрунтавана і пацвярджаецца сукупнасцю сабраных доказаў.

Еўрасаюз, Савет Еўропы, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі выступілі ў падтрымку журналістаў, якія праходзяць па "справе БелТА".

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН