Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/12/992482_12345/
Дата раздрукоўкі: 17.02.2019 10:38
12.02.2019 13:43 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка: Два гады перадвыбарныя — трэба паказаць людзям, што мы ўмеем вырашаць праблемы

Мінск, 12 лютага. Прызначаючы 12 лютага памочнікаў прэзідэнта і даючы згоду на прызначэнне кіраўнікоў органаў мясцовай улады, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ім трэба будзе ў поўным аб'ёме вырашаць падобныя няпростыя задачы, пра якія ён казаў і раней.

"Два гады — гады перадвыбарныя, таму трэба паказваць людзям, што мы ўмеем вырашаць праблемы. Мы будзем здаваць экзамен у цяперашнім і ў наступным годзе. Пра гэта я таксама заўсёды кажу напярэдадні такіх падзей. І не трэба баяцца, што мы сапраўды будзем здаваць экзамен. Да гэтага сур'ёзна будзем рыхтавацца. І паказваць людзям сваю здольнасць кіраваць дзяржавай", — прыводзіць словы Лукашэнкі яго прэс-служба.

Асобна кіраўнік дзяржавы спыніўся на пытаннях эканомікі, якімі таксама прыйдзецца займацца новым памочнікам прэзідэнта і кіраўнікам райвыканкамаў. "Нас палохаюць рознымі пагрозамі. Але заўсёды галоўная фундаментальная праблема ў любой дзяржаве — гэта эканоміка. Будзе добра ў эканоміцы — будзе добра ў людзей дома, перш за ўсё ў сем'ях", — сказаў Лукашэнка і назваў эканоміку пытаннем нумар адзін для ўсіх — ад прэзідэнта да старшыні сельсавета.

Закранаючы сацыяльны аспект, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі вельмі многае зроблена для нармальнага жыцця людзей. "Трэба працягнуць у гэтым кірунку, пачынаючы ад аграгарадкоў і заканчваючы горадам-героем Мінскам. Усім задачы пастаўленыя прэзідэнтам, расказана, дзе, што будаваць і як добраўпарадкоўваць вуліцы, дзе пасадзіць якое дрэва і г.д.", — сказаў Лукашэнка.

У найбліжэйшыя два гады ў Беларусі пройдуць прэзідэнцкія і парламенцкія выбары. Згодна з заканадаўствам, выбары ў Палату прадстаўнікоў павінны прайсці не пазней за 10 верасня 2020 года, прэзідэнта — не пазней за 30 жніўня 2020-га. У сувязі з гэтым не выключана, што адна з выбарчых кампаній адбудзецца ў 2019 годзе.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН