Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/14/992806_12345/
Дата раздрукоўкі: 27.05.2019 06:32
14.02.2019 11:43 Эканоміка

Міністр сельскай гаспадаркі Беларусі: Толькі каля 30% сельгаспрадпрыемстваў працуюць на поўную моц

Мінск, 14 лютага. Толькі каля 30% сельскагаспадарчых прадпрыемстваў у Беларусі працуюць у поўную моц, паведаміў у інтэрв'ю, апублікаваным 14 лютага ў "Сельской газете", міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц.

"Зразумела, далёка не ўсё ўдалося, яшчэ шмат рэзерваў, не ўсе прадпрыемствы — каля 30% — працуюць на поўную моц. Хаця ва ўсіх ёсць магчымасць атрымліваць больш прадукцыі, прадаваць яе і плаціць дастойную заработную плату. На жаль, з-за пэўных прычын гэтыя прадпрыемствы недацягваюць да ўзроўню сярэдняга гаспадарання", — адзначыў ён.

Міністр паведаміў, што па стане на 1 студзеня ў працэсе дасудовага аздараўлення знаходзілася 281 гаспадарка. "У выніку праведзеных мерапрыемстваў па фінансавым аздараўленні 55 арганізацый (амаль 20%) аднавілі плацежаздольнасць. Пакуль яна не змянілася ў 36% прадпрыемстваў, а 14% сталі працаваць яшчэ горш", — падкрэсліў кіраўнік Мінсельгасхарча. 75% гаспадарак знаходзяцца ў працэдуры санацыі, дадаў Заяц.

"Усяго на 1 кастрычніка ў нас 395 гаспадарак, якім можна будзе скарыстацца элементамі аздараўлення, прадугледжанымі ўказам № 399 (ад 2 кастрычнiка 2018 года" Аб фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацый". — БелаПАН.). Гэтым указам на старшыняў выканкамаў, кіраўнікоў гаспадарак ускладаецца асноўная адказнасць па фінансавым аздараўленні неплацежаздольных арганізацый. Толькі трэба разумець, што любыя прэферэнцыі з боку дзяржавы магчымыя тады, калі гаспадарка спраўна і дысцыплінавана плаціць свае бягучыя даўгі. Цвёрдая выканальніцкая і фінансавая дысцыпліна павінна быць у аснове матэрыялізацыі ўсіх сумесных намаганняў і бізнес-планаў", — сказаў міністр.

Ён падкрэсліў неабходнасць далейшага паляпшэння ўмоў жыцця і працы ў сельскай мясцовасці. "І тут на адным з першых месцаў стаiць зарплата. 651 рубель — сярэдняя заработная плата была ў 2017 годзе. У мінулым гэта планка паднялася на 16%. Малавата. Цяпер стаіць задача забяспечыць сярэдні заробак у сельскай гаспадарцы ў 800 рублёў. Што для гэтага трэба? Павялічыць выручку хаця б у 1,2 разу. Калі за 2018-ты, няўдалы год, мы павялічылі яе на 9%, то гэтую прыбаўку трэба падняць амаль у два разы", — сказаў на заканчэнне кіраўнік Мінсельгасхарча.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН