Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/15/992971_12345/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 10:08
15.02.2019 10:48 Грамадства, Палітыка

Лукашэнка: Ва ўмовах глабальнай нестабільнасці, як ніколі, важна памятаць пра каштоўнасць міру і спакою на планеце

Мінск, 15 лютага. "Цяпер, ва ўмовах глабальнай нестабільнасці, як ніколі, важна памятаць пра каштоўнасць міру і спакою на планеце", — гаворыцца ў звароце Аляксандра Лукашэнкі з нагоды 30-годдзя вываду савецкіх войскаў з Афганістана.

"Трыццаць гадоў таму завяршылася аперацыя абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў у Афганістане, — гаворыцца ў звароце да воінаў-інтэрнацыяналістаў, ветэранаў вайны ў Афганістане. — За тысячы кіламетраў ад Радзімы нашы воіны, праявіўшы гераічную стойкасць, мужнасць і самаадданасць, першымі кінулі выклік міжнароднаму тэрарызму, на доўгія гады спыніўшы яго распаўсюд па ўсёй зямлі".

Як адзначыў Лукашэнка, "тая вайна прынесла гора ў многія беларускія сем'і, абарваўшы жыцці і скалечыўшы лёсы тысяч нашых суайчыннікаў". "Мы ніколі не забудзем пра подзвіг ваеннаслужачых, якія сумленна выканалі свой воінскі абавязак і навечна здабылі славу", — адзначыў ён.

Беларускі афіцыйны лідар заявіў таксама, што "воіны-інтэрнацыяналісты — гэта надзейная апора беларускай дзяржаўнасці і патрыятычных сілаў краіны". "Вашы мужнасць і вернасць абавязку — годны прыклад для сучаснай моладзі", — адзначыў ён.

Савецкія войскі былі ўведзеныя ў Афганістан 25 снежня 1979 года. Праз без малога 10 гадоў, 15 лютага 1989 года, завяршыўся іх вывад з гэтай краіны. У баявых дзеяннях ў Афганістане ўзялі ўдзел каля 30 тыс. грамадзян Беларусі. 771 з іх загінуў, больш за 1,5 тыс. атрымалі раненні. 15 лютага ў Беларусі традыцыйна адзначаецца Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239