Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/15/992997_992998_123/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 09:46
15.02.2019 13:17 Грамадства

Рэдактару tut.by Уласік у СК прапаноўвалі сказаць, што на сайт БелТА яна заходзіла па ўказанні Золатавай

Мінск, 15 лютага. На першым допыце ў Следчым камітэце 7 жніўня 2018 года рэдактару партала tut.by Галіне Уласік следчыя прапаноўвалі паказаць, што галоўны рэдактар Марына Золатава ведала пра выкарыстанне пароляў БелТА. Пра гэта Уласік заявіла 15 лютага падчас допыту ў судзе.

У пачатку допыту Уласік патлумачыла, што ў яе рэдактарскія абавязкі ўваходзіць адсочванне навінавай стужкі і выстаўленне навін на сайт. "Я манітору розныя крыніцы інфармацыі, знаходжу навіны, якія лічу важнымі, і выстаўляю альбо "капіпастам", альбо пішу нататкі. Выкарыстоўваю вельмі шмат рэсурсаў — сайты навін, сацыяльныя сеткі, "Твітэр", "Інстаграм", усё, што ёсць у інтэрнэце", — сказала яна.

Уласік не адмаўляе, што па паролі газеты "Рэспублiка" чытала платную падпіску БелТА. "Не памятаю, пры якіх абставінах атрымала пароль ад БелТА, дакладна не магу сказаць калі. Напэўна, у 2016 годзе. Гэта быў лагін "Рэспублiка". Я ніколі ні з кім не абмяркоўвала пытанне выкарыстання пароля, таму пэўна сказаць не магу, хто яшчэ з супрацоўнікаў яго выкарыстоўваў. Я выкарыстоўвала пароль для азнаямлення са стужкай БелТА", — распавяла Уласік.

Паводле яе слоў, у выстаўленым ёй абвінавачванні сказана, што яна здзейсніла не менш як 37 заходаў у раздзел платнай падпіскі БелТА, у асноўным з дамашняга ноўтбука. "Дакладныя даты заходаў не памятаю. Паказаныя ў абвінавачванні доступы не выклікаюць пярэчання. 33 заходы былі з дому, астатнія — з працы. Я прызнала сваю віну і пагасіла шкоду. Памер шкоды не меншы за 18 тысяч рублёў, "Рэспублiцы" і БелТА разам", — сказала Уласік.

На пытанне, навошта яна заходзіла ў платную падпіску БелТА, Уласік патлумачыла: "Мне было зручна, таму што там інфармацыя структураваная па часе і таму што там няма усякага шлаку, які ставіцца на агульным сайце — навіны шоу-бізнесу і іншая забаўлялаўка, якая мне нецікавая. Час з`яўлення навін [у закрытай стужцы і ў агульным доступе на сайце БелТА] для мяне не меў значэння. Я заходзіла, таму што зручней было адсочваць, ці не прапусціла я нейкай навіны".

Уласік таксама паказала, што ніколі не абмяркоўвала з Золатавай пытанне выкарыстання пароля ад платнай падпіскі БелТА. "У сакавіку (пасля тэлефоннай размовы Золатавай з рэдактарам Ганнай Калтыгінай. — БелаПАН.) не абмяркоўвала ні з кім пытанне выкарыстання пароля, — сказала Уласік. — У наступным абмяркоўвала, але не назаву дакладную дату. Я ведала, што мая зменшчыца Аня Калтыгіна заходзіць на БелТА па паролі. Я не памятаю, што канкрэтна абмяркоўвалі, напэўна тое, што яна заходзіць. Я не магу дакладна сказаць, з дапамогай якога пароля яна гэта рабіла".

Уласік паведаміла, што з вобшукам да яе дадому прыйшлі ў 6 раніцы 7 жніўня 2018 года, затым, сказаўшы, што яна сведка па справе, адвезлі ў Следчы камітэт. "Там на допыце мне было сказана, што я павінна паказаць, што заходзіла на БелТА з ведама і па непасрэдным указанні Золатавай, — паведаміла Уласік. — Калі я адмовілася, мне сказалі, што раз я не супрацоўнічаю са следствам, то я ўжо не сведка, а абвінавачаная, — і адвезлі ў ІЧУ".

У ІЧУ Уласік правяла двое сутак. 9 жніўня пасля допыту ў СК яна была вызваленая.

Пасля гэтага суд пачаў вывучэнне пісьмовых матэрыялаў спраў і даследаванне інфармацыі з канфіскаванага ноўтбука Уласік.

Яна акцэнтавала ўвагу суда на тым, што заходзіла ў платную падпіску БелТА з дому. "Марына Золатава не пражывае са мной на адной жылплошчы, таму яна не магла ведаць, што я заходзіла на гэты сайт", — падкрэсліла Уласік.

Пасля допыту Уласік суд працягнуў вывучэнне матэрыялаў справы. Наступны сведка будзе дапытаны пасля перапынку.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239