Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/18/993257_777775/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 09:28
18.02.2019 11:17 Эканоміка, Грамадства

Пракуратура распачала крымінальную справу ў дачыненні да расіяніна, які не расплаціўся з двума беларускімі малочнымі прадпрыемствамі

Мінск, 18 лютага. Пракуратура Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці распачала крымінальную справу ў дачыненні да грамадзяніна Расійскай Федэрацыі па факце махлярства ў асабліва буйным памеры. У 2018 годзе ён незаконна завалодаў маёмасцю двух беларускіх прадпрыемстваў, паведаміла прэс-служба Камітэта дзяржкантролю.

Расіянін узначальваў камерцыйнае прадпрыемства, зарэгістраванае ў падмаскоўнай Балашысе. На працягу некалькіх гадоў фірма супрацоўнічала з малакаперапрацоўчымі прадпрыемствамі Беларусі і набывала прадукцыю для продажу ў Расіі пад сваёй гандлёвай маркай. Падмаскоўная фірма не заплаціла беларускім прадпрыемствам амаль 12 млн расійскіх рублёў за малочную прадукцыю.

У чэрвені 2018 года расійская фірма чарговым разам атрымала прадукцыю ад беларускіх вытворцаў і рэалізавала яе ў Расіі. Аднак дырэктар падмаскоўнага прадпрыемства не разлічыўся з пастаўшчыкамі, абяцаючы зрабіць гэта са дня на дзень. Пры гэтым беларускія прадпрыемствы працягнулі адпускаць малочную прадукцыю без аплаты, а адно з іх — з перавышэннем устаноўленага страхавым дагаворам ліміту.

Так, Дзятлаўскі сыраробны завод адгрузіў прадукцыі больш як на 10 млн расійскіх рублёў без аплаты і часткова без страхавання рызык, ваўкавыскае ААТ "Беллакт" — больш як на 1,7 млн расійскіх рублёў.

Перамовы аб вяртанні даўгоў не далі выніку. У жніўні 2018 года камерцыйнае прадпрыемства нечакана для партнёраў абвясціла ліквідацыю, а крыху пазней — банкруцтва.

Па факце махлярства ў дачыненні да дырэктара расійскай фірмы распачатая справа на падставе ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэкса.

Зараз праводзіцца праверка законнасці дзеянняў службовых асоб беларускіх прадпрыемстваў — удзельнікаў здзелак з камерцыйнай структурай з Балашыхі.

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239