Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/18/993275_12345/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 10:51
18.02.2019 13:08 Грамадства, Палітыка

Праваабаронцы патрабуюць вызвалення затрыманага ў Брэсце Уладзіміра Вялічкіна

Мінск, 18 лютага. Праваабаронцы закрытага ўладамі ў 2003 годзе цэнтра "Вясна" патрабуюць спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да іх калегі з Магілёва Уладзіміра Вялічкіна. Адпаведная заява апублікаваная на сайце spring96.org.

Вялічкін і грамадскі актывіст Віталь Казак былі затрыманыя ў Брэсце 16 лютага — напярэдадні чарговай сустрэчы ў цэнтры Брэста праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода. Таксама быў затрыманы блогер Аляксандр Кабанаў.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Вялічкін абвінавачваецца ва ўчыненні адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага арт. 23.34 КоАП (арганізацыя ці ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве), а менавіта ў нібыта ўдзеле ў аналагічнай акцыі ў абласным цэнтры 10 лютага.

"Уладзімір Вялічкін ажыццяўляў маніторынг рэалізацыі грамадзянамі свабод мірных сходаў і выказвання свайго меркавання, гарантаваных Канстытуцыяй краіны і міжнароднымі нормамі права ў галіне правоў чалавека, і ў сувязі з гэтым прысутнічаў на ўсіх мірных сходах, якія адбываюцца з гэтай нагоды ў горадзе. Затрыманне міліцыяй Уладзіміра Вялічкіна з'яўляецца нічым іншым, як пераследам за яго праваабарончую дзейнасць", — адзначаецца ў заяве.

У сувязі з гэтым праваабаронцы выказваюць "рашучы пратэст" і патрабуюць ад уладаў неадкладна спыніць пераслед Вялічкіна, гарантаваць грамадзянам магчымасць рэалізаваць свае правы на мірныя сходы і выказванне свайго меркавання, у тым ліку і па экалагічных пытаннях у Брэсце, без націску і пераследу з боку спецслужбаў, а таксама спыніць распачатыя адміністрацыйныя працэсы ў дачыненні да затрыманых 16 студзеня і ўстрымацца ад падобных негатыўных практык у будучыні.

17 лютага на плошчу Леніна ў Брэсце сабралася каля 240 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода.

Будаўніцтва завода ТАА "АйПаўэр" вядзецца на прамысловай пляцоўцы "Аэрапорт" у свабоднай эканамічнай зоне "Брэст". На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Брэста і Брэсцкага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю.

Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта і дамагаюцца спынення будаўніцтва.

Грамадская кампанія супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Брэсце і Брэсцкім раёне 61 мітынгу, 12 пікетаў і 13 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: мітынг 29 красавіка "Брэстаўчанкі супраць свінцу", на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239