Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/18/993358_993359/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 09:38
18.02.2019 19:20 Грамадства

Выдавецкі дом "Беларусь сегодня" адмовіўся ад іску з патрабаваннем кампенсаваць шкоду за несанкцыянаваны доступ да падпіскі БелТА па паролях выданняў холдынга

Мінск, 18 лютага. Прадстаўнік выдавецкага дома (ВД) "Беларусь сегодня" адвакат Аляксей Шпілеўскі 18 лютага ў судзе над галоўным рэдактарам сеткавага выдання tut.by Марынай Золатавай заявіў пра адмову ад іскавых патрабаванняў па спагнанні маёмаснай шкоды за несанкцыянаваны доступ да матэрыялаў платнай падпіскі дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА па лагінах і паролях выданняў холдынгу.

Прэс-сакратар Вярхоўнага суда Юлія Ляскава паведаміла на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку", што суддзя Аляксандр Петраш прыняў адмову прадстаўніка інтарэсаў ВД падчас закрытай часткі судовага пасяджэння ў другой палове дня. Адмова ад патрабаванняў грамадзянскага іску матывавана кампенсацыяй выстаўленай выдавецкім домам шкоды ў поўным аб'ёме. У далейшым Шпілеўскі не будзе ўдзельнічаць у працэсе.

Раней сёння аб адмове матэрыяльных прэтэнзій за несанкцыянаваны доступ да матэрыялаў платнай падпіскі ў сувязі з кампенсацыяй шкоды ў поўным аб'ёме заявілі прадстаўнікі інтарэсаў РУП "БелТА" адвакаты Барыс Ляскоўскі і Ігар Панкоў.

На адкрытым пасяджэнні ў першай палове дня 18 лютага суд завяршыў даследаванне ўсіх 58 тамоў крымінальнай справы і агледзеў прадстаўленыя бокам абвінавачання рэчавыя доказы. Падчас закрытай часткі працэсу ў другой палове дня суд даследаваў перапіску абвінавачванай і сведак, якія пярэчылі супраць публічнага агляду гэтых матэрыялаў.

Працэс адновіцца ў адкрытым рэжыме 19 лютага ў 10.00.

Справу ў дачыненні да Марыны Золатавай, якую абвінавачваюць у бяздзейнасці службовай асобы (ч. 2 арт. 425 КК), разглядае суд Заводскага раёна Мінска, але ў будынку суда Маскоўскага раёна сталіцы, дзе больш прасторныя памяшканні. Працэс пачаўся 12 лютага. Дзяржаўным абвінаваўцам выступае старшы пракурор аддзела Генпракуратуры Юлія Харчэйкіна. Золатаву абараняе адвакат Марына Вараб'ёва.

Як сцвярджае абвінавачанне, з пачатку 2017 да сярэдзіны 2018 года Золатава, з'яўляючыся службовай асобай, не прыняла мераў рэагавання, ведаючы пра тое, што яе падначаленыя па чужых лагінах і паролях неправамерна заходзяць у сістэму з платным кантэнтам дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА. Тым самым яна "патурала злачынству" згодна з ч. 2 арт. 349 КК (несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі). Золатава сваёй віны не прызнала і адмовілася даваць паказанні раней, чым будуць дапытаныя сведкі па справе.

Золатава засталася адзінай з 15 фігурантаў "справы БелТА", каго давялі да суда. Усе астатнія фігуранты, якія абвінавачваліся ў несанкцыянаваным доступе да камп'ютарнай інфармацыі, былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай згодна з арт. 86 КК. Акрамя штрафаў у 30 базавых велічынь (735 рублёў, базавая велічыня на той момант складала 24,5 рубля) яны пакрылі выстаўленую шкоду, сумы якога вар'іраваліся ад 3 тыс. да 17 тыс. рублёў.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239