Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/18/eu_993264_547896/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 09:43
18.02.2019 12:28 Палітыка, Эканоміка, Беларусь — Еўрасаюз

Лукашэнка: Праблемы ў адносінах з ЕС заўсёды былі і будуць, аднак не хранічныя

Мінск, 18 лютага. Праблемы ў адносінах Беларусі з Еўрапейскім саюзам "не маюць хранічнага характару", заявіў Аляксандр Лукашэнка 18 лютага ў Мінску на сустрэчы з еўракамісарам па бюджэце і чалавечых рэсурсах Гюнтэрам Этынгерам.

"Вельмі рады з вамі сёння сустрэцца і абмеркаваць тыя праблемы, якія, магчыма, існуюць у нашых адносінах. Хоць слова "магчыма", напэўна, не падыходзіць. Гэтыя праблемы ў нас былі заўсёды і, напэўна, будуць. Але, як паказаў апошні час, усе праблемы не маюць хранічнага характару, іх можна вырашыць", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што апошнім часам бакі значна прасунуліся ў развіцці адносін, у тым ліку ў гандлёва-эканамічнай сферы. "Вы ведаеце нашу мэта: мы дыверсіфікуем знешні гандаль. Мы б хацелі мець з Еўрапейскім саюзам гандаль прыкладна 30-35% ад усяго аб'ёму знешняга гандлю. 30% у нас застанецца на Расію і 30% — на астатнія краіны нашай планеты. Такая дыверсіфікацыя дапаможа нам спакойна адчуваць сябе ў сферы вытворчасці і рэалізацыі тавараў, таму што краіна наша, як вы ведаеце, экспартна арыентаваная", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка дадаў, што ў Беларусі спажываецца толькі палова вырабленай прадукцыі, астатняе ідзе на экспарт. "Гэта сведчыць аб тым, што знешні гандаль мае вялікае значэнне, іграе вялікую ролю, асабліва ў фармаванні бюджэту краіны і прытоку валюты", — адзначыў ён.

"Калі ў вас ёсць да мяне нейкія пытанні, ёсць нейкія заклапочанасці ў Еўрапейскім саюзе адносна Беларусі, я чакаю шчырай размовы і гатовы адказаць на ўсе гэтыя пытанні і турботы, а калі трэба, і прыняць адпаведныя рашэнні", — дадаў Лукашэнка.

"Я хачу вас запэўніць, што Беларусь у дачыненні да сваіх суседзяў заўсёды прытрымліваецца вельмі ўзважанай і акуратнай палітыкі. Мы лічым, што суседзі ад Бога, іх не выбіраюць, таму з імі трэба будаваць добрыя адносіны. Зыходзячы з гэтага, мы заўсёды будзем надзейным партнёрам Еўрапейскага саюза, і за беларускі напрамак (амаль паўтары тысячы кіламетраў) вы можаце не турбавацца. Вядома ж, мы хочам, каб гэтыя пачуцці былі ўзаемнымі", — сказаў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што адносіны паміж Беларуссю і Еўрасаюзам ва ўсіх сферах грунтуюцца на пэўных прынцыпах і развіваюцца па пэўных кірунках. "Развіццю гэтых кірункаў служаць праграмы, якія мы з вамі прымаем, і праекты, якія рэалізуем. Апошнім часам значна павялічылася фінансаванне такіх праектаў з боку Еўрапейскага саюза. Натуральна, што яны маюць узаемавыгадны характар. Давайце будзем рухацца ў гэтым напрамку", — падкрэсліў афіцыйны лідар.

У сваю чаргу Гюнтэр Этынгер адзначыў, што з задавальненнем наведвае Беларусь: "Я ўспамінаю, як пяць гадоў таму ўжо меў магчымасць наведаць Мінск для ўдзелу ў вялікай канферэнцыі па лініі Еўразійскага эканамічнага саюза. Але першае маё ўражанне пра Беларусь узыходзіць яшчэ да 1960-х гадоў, калі мама прымушала мяне займацца на фартэпіяна з беларускай выкладчыцай на працягу васьмі гадоў. Я б з вялікім задавальненнем гуляў у футбол, але мне даводзілася займацца гэтым".

Як паведамлялася, Этынгер наведвае Беларусь 17—18 лютага. Запланаваныя перамовы з прэм'ер-міністрам Сяргеем Румасам, міністрам фінансаў Максімам Ермаловічам, намеснікам міністра замежных спраў Алегам Краўчанкам. Еўракамісар таксама сустрэнецца з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і ўдзельнікамі праграмы прафесійных абменаў MOST.

Апошні раз Этынгер наведаў Беларусь у жніўні 2014 года, калі ў Мінску праходзілі перамовы аб урэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны з удзелам прэзідэнтаў Беларусі, Казахстана, Расіі, Украіны і вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі. Тады Этынгер займаў пасаду еўракамісара па энергетыцы.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239