Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/18/eu_993305_12345/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 09:29
18.02.2019 15:45 Палітыка, Эканоміка, Беларусь — Еўрасаюз

Еўракамісар Этынгер: ЕС і Беларусь дасягнулі значанага прагрэсу ў адносінах

Мінск, 18 лютага. Еўрапейскі саюз і Беларусь дасягнулі значнага прагрэсу ў рэалізацыі шэрагу ініцыятыў у двухбаковых адносінах, заявіў еўракамісар па бюджэце і чалавечых рэсурсах Гюнтэр Этынгер па выніках сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 18 лютага ў Мінску.

На сустрэчах з Лукашэнкам, прэм'ер-міністрам Сяргеем Румасам, міністрам фінансаў Максімам Ермаловічам і намеснікам міністра замежных спраў Алегам Краўчанкам Этынгер абмеркаваў стан двухбаковых адносін. Камісар вітаў актыўны ўдзел Беларусі ва Усходнім партнёрстве, якое адзначае сёлета дзесяцігоддзе, паведамляе прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Мінску.

Еўракамісар абмеркаваў магчымасць правядзення ў Мінску мерапрыемства высокага ўзроўню з нагоды юбілею Усходняга партнёрства.

"Я вітаю адкрыты і канструктыўны дыялог, які адбыўся ў нас сёння з прэзідэнтам Лукашэнкам і шэрагам прадстаўнікоў ягонага ўраду. За апошнія тры гады Еўрапейскі саюз і Беларусь дасягнулі значнага прагрэсу ў рэалізацыі шэрагу ініцыятыў у двухбаковых адносінах. Гэта павінна дапамагчы нам у далейшым умацаванні супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ЕС у бліжэйшай будучыні; пагадненне аб нашых прыярытэтах партнёрства стала б важнай вяхой на гэтым шляху", — падкрэсліў Этынгер.

Прадстаўнік Еўракамісіі падкрэсліў, што ЕС з'яўляецца найбуйнейшым донарам фінансавай дапамогі Беларусі і актывізаваў фінансавае супрацоўніцтва, каб дасягнуць канкрэтных зменаў на карысць грамадзян.

На сустрэчы з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Беларусі і ўдзельнікамі праекта прафесійных абменаў MOST еўракамісар падкрэсліў ролю актыўнай грамадзянскай супольнасці ў забеспячэнні сацыяльна-эканамічнага дабрабыту краіны.

Этынгер паведаміў вузкаму колу журналістаў, што Еўрасаюз гатовы павялічыць фінансаванне праектаў у Беларусі. Фрагмент інтэрв'ю быў паказаны ў эфіры навін тэлеканала "Беларусь 1". Паводле слоў еўракамісара, бакі вырашылі стварыць рабочую групу, у склад якой увойдуць эксперты ад Беларусі і Еўракамісіі, каб абмеркаваць канкрэтныя напрамкі супрацоўніцтва і сферы для рэалізацыі будучых сумесных праектаў, у тым ліку трансгранічнай транспартнай інфраструктуры.

Еўракамісар таксама падкрэсліў намаганні Беларусі па забеспячэнні бяспекі ў рэгіёне.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239