Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/18/eu_993344_993345/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 08:29
18.02.2019 18:12 Палітыка, Эканоміка, Беларусь — Еўрасаюз

Румас: Адсутнасць базавага пагаднення паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам контрпрадуктыўная

Мінск, 18 лютага. Адсутнасць базавага пагаднення паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам "контрпрадуктыўная для абодвух бакоў", заявіў прэм'ер-міністр Сяргей Румас 18 лютага ў Мінску на сустрэчы з еўрапейскім камісарам па бюджэце і чалавечых рэсурсах Гюнтэрам Этынгерам.

"Хацеў бы пачуць, што неабходна зрабіць для таго, каб як мага хутчэй заключыць базавае пагадненне паміж Беларуссю і ЕС", — цытуе Румаса прэс-служба ўрада. Адсутнасць базавага пагаднення ён назваў "прававым вакуумам".

Прэм'ер-міністр таксама закрануў тэму заключэння з ЕС пагаднення аб спрашчэнні візавых працэдур, дадаўшы, што "гэты дакумент ужо на фінішнай стадыі".

Падчас сустрэчы абмеркаваны захады па павелічэнні тавараабароту паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. Паводле слоў прэм'ера, бакі ў 2019 годзе могуць вярнуцца да максімальнага ўзроўню тавараабароту, які быў у 2012 годзе, — 26,9 млрд долараў. "Адносіны з ЕС развіваюцца даволі дынамічна. У нас у мінулым годзе быў нядрэнны тавараабарот, беларускі экспарт у Еўрасаюз вырас на 30%. Калі мы такімі тэмпамі будзем ісці, то ўжо ў 2019 годзе можам дасягнуць паказчыкаў максімуму 2012 года", — падкрэсліў ён.

Прэм'ер-міністр станоўча ацаніў супрацоўніцтва з фінансавымі інстытутамі Еўрасаюза. Нядаўна Еўрапейскі інвестыцыйны банк узгадніў для Беларусі інвестыцыйныя праекты на 110 млн еўра, развіваецца супрацоўніцтва з ЕБРР, пералічыў кіраўнік урада.

"Беларускі бок ведае, што Еўрасаюз будзе прымаць новы бюджэт на 2021—2027 гады, дзе будзе павялічана фінансаванне супрацоўніцтва з краінамі-суседзямі. Сяргей Румас выказаў надзею, што Беларусь таксама будзе ўдзельнічаць у сумесных праграмах з Еўрасаюзам", — адзначылі ў прэс-службе Саўміна.

Акрамя таго, Беларусь, паводле слоў прэм'ер-міністра, разлічвае на падтрымку Еўрасаюза пры ўступленні ў СГА. "Спадзяемся, што пазіцыя ЕС будзе канструктыўнай і мы зможам прайсці гэты трэк як мага хутчэй", — сказаў ён.

Гюнтэр Этынгер адзначыў, што апошнія гады характарызуюцца пазітыўнай дынамікай у адносінах Мінска і Бруселя. "Яе можна працягнуць у 2019 і 2020 гадах, выкарыстоўваць для рэалізацыі сумесных праектаў, знаходжання рашэнняў, у якіх не будзе тых, хто прайграў, — толькі тыя, хто перамог", — сказаў еўракамісар.

Этынгер таксама сустрэўся з намеснікам міністра замежных спраў Алегам Краўчанкам. "Удзельнікі перамоў абмеркавалі перспектывы далейшага пашырэння палітычнага дыялогу і нарошчвання гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусь — ЕС. Былі таксама закрануты пытанні ўзаемадзеяння ў мытнай сферы, планавання міжнароднага тэхнічнага садзейнічання ЕС для Беларусі на 2021—2027 гады. Па выніках сустрэчы бакі дамовіліся працягнуць працу па нарошчванні супрацоўніцтва ў сферах узаемнай цікавасці", — паведаміла прэс-служба МЗС.

На сустрэчы з міністрам фінансаў Максімам Ермаловічам абмяркоўваліся пытанні акцызнай палітыкі ў Беларусі ў дачыненні да тытунёвай прадукцыі. Таксама бакі абмеркавалі развіццё праектнай дзейнасці Еўрапейскага інвестыцыйнага банка і Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, паведамілі ў прэс-службе Мінфіна. Пацверджана гатоўнасць захоўваць існуючую практыку галіновага супрацоўніцтва і падтрымліваць на пастаяннай аснове сектаральны дыялог па эканоміцы і фінансах у рамках ініцыятывы ЕС "Усходняе партнёрства".

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239