Лукашэнка даручыў перагледзець сістэму падтрымкі сям'і і выпрацаваць меры па павелічэнні нараджальнасці
Мінск, 19 лютага. Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным перагледзець сістэму падтрымкі сям'і і выпрацаваць дзейсныя меры па павелічэнні нараджальнасці. Пра гэта, як паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы, ён заявіў 19 лютага на нарадзе з прадстаўнікамі зацікаўленых ведамстваў.
Лукашэнка адзначыў, што пры разглядзе мер па падтрымцы сем'яў размова павінна ісці не толькі аб укараненні новых механізмаў, але аб удасканаленні сістэмы ў цэлым. "У нас і так ужо дададзена настолькі, што ніводная краіна ў свеце не падтрымлівае так сем'і з дзецьмі, як мы. У нас, па-мойму, да 11 розных дапамог. Я прачытаў аналіз па краінах: дапусцім, у Германіі вельмі вялікія выплаты, а нараджальнасць практычна як у Беларусі. І там, дзе не вельмі падтрымліваюць сям'і, там такая ж нараджальнасць", — сказаў ён.
Таму, на яго думку, трэба разабрацца ў сістэме падтрымкі сям'і і, магчыма, пераразмеркаваць сродкі. "Магчыма, нам дзесьці ўзмацніць падтрымку, а нейкую дробязь, якая не працуе, наогул прыбраць. Да прыкладу, калі мы прымем прыстойнае рашэнне аб забеспячэнні шматдзетных сем'яў жыллём, то, натуральна, гэта стымул. Жыллё для сям'і — гэта ўсё. А калі вы на санаторна-курортнае лячэнне адпраўляеце і даяце чалавеку тры долары — гэта вы проста распыляеце грашовыя сродкі. Таму нам трэба сур'ёзна падумаць", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка звярнуў увагу, што ў сферы дэмаграфічнай бяспекі Беларусь сутыкаецца з такімі ж праблемамі, як і большасць дзяржаў свету. Гэта зніжэнне ўзроўню нараджальнасці і павелічэнне натуральнага змяншэння насельніцтва. "Калі не прымаць мераў, то, паводле прагнозаў спецыялістаў, тэндэнцыі да зніжэння колькасці насельніцтва і яго старэння будуць толькі ўзмацняцца аж да 2040 года", — канстатаваў ён.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што для падтрымкі сем'яў з дзецьмі ў Беларусі прынятыя выключныя меры. Сярод іх адпачынак па доглядзе дзіцяці да трох гадоў, які аплачваецца, ільготнае крэдытаванне для шматдзетных і праграма сямейнага капіталу. "Гэта істотныя меры, якія працуюць. Таму трэба падумаць: калі ўжо ўзмацняць, то меры, якія працуюць, і прыбіраць тыя, што не працуюць. Усё роўна чалавек у выніку атрымае больш", — сказаў ён.
Разам з тым Лукашэнка пацікавіўся, наколькі прынятыя раней у краіне меры па падтрымцы сем'яў з дзецьмі эфектыўныя і ці спрыяюць яны павышэнню нараджальнасці. "Прырост насельніцтва, павышэнне працоўнага патэнцыялу — пытанне нацыянальнай бяспекі, і для нас яно гучыць так жа востра, як для іншых развітых краін", — канстатаваў ён.
Кіраўнік дзяржавы таксама сказаў, што яму да гэтага часу дакладваюць аб недапрацоўках у забеспячэнні шматдзетных сем'яў жыллём. Вырашыць гэтае пытанне да 2021 года ён даручыў на нядаўняй нарадзе-семінары па будаўніцтве.
Лукашэнка запытаўся, як выконваецца дзяржпраграма "Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь" на 2016—2020 гады, ці дазволіла яе рэалізацыя знізіць смяротнасць насельніцтва. "Як гэтая праграма рэалізоўваецца, я бачу, глыбока акунуўшыся ў гэтую праблему. Мы пакуль вельмі многа гаворым пра здаровы спосаб жыцця, пстрыкаем абцасамі, пачынаючы ад урада, у прыватнасці віцэ-прэм'ера, які павінен гэтым займацца, кіраўніка Адміністрацыі і іншых падначаленых... Яшчэ раз папярэджваю: хоць адно нявыкананае маё даручэнне, адразу збірайцеся і ідзіце, — сказаў Лукашэнка. — Я таксама патрабаваў ад міністра аховы здароўя прыняць комплексныя меры па зніжэнні смяротнасці. Хацелася б пачуць, што робіцца ў гэтым кірунку".
Ён рэзюмаваў: у найбліжэйшыя гады неабходна распрацаваць і рэалізаваць дзейсныя меры, скіраваныя на павелічэнне нараджальнасці насельніцтва. Пры гэтым важна надаць увагу фармаванню ў грамадстве пазітыўнага і паважлівага стаўлення да мацярынства і сямейных каштоўнасцяў. "Чакаю ад удзельнікаў актыўнага абмеркавання і прапаноў па паляпшэнні дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне. Ніякіх самасправаздач і разважанняў: трэба было разглядаць ва ўрадзе гэтыя пытанні, перш чым прыходзіць да прэзідэнта", — заявіў Лукашэнка.