Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/19/993536_993537/
Дата раздрукоўкі: 21.10.2020 21:54
19.02.2019 20:57 Эканоміка

Сярэдняя налічаная зарплата зноў меншая за 1.000 рублёў

Мінск, 19 лютага. Сярэдняя налічаная зарплата ў Беларусі зноў ніжэйшая за 1.000 рублёў, вынікае з інфармацыі прэм`ер-міністра Сяргея Румаса на пасяджэнні Савета міністраў 19 лютага. Студзеньская зарплата аказалася меншай, чым у снежні, лістападзе і кастрычніку 2018 года.

Паводле слоў Румаса, якія прыводзіць прэс-служба ўрада, за 2018 год рэальныя даходы насельніцтва прыраслі на 8%, што ў 2,5 разу вышэй за прагнозны ўзровень. Рэальная заработная плата вырасла на 11,6%, у тым ліку ў бюджэтнай сферы — амаль на 14%.

"Ужо ёсць статыстыка за студзень: сярэдняя зарплата склала 982 рублі (455 долараў ЗША ў пераліку па курсе Нацбанка на канец месяца. — БелаПАН.) і, у прынцыпе, знаходзіцца ў рамках прагнозу ўрада", — сказаў Румас. Ён адзначыў, што ў 2019 годзе ўрад будзе асаблівую ўвагу надаваць даходам нізкааплатных катэгорый работнікаў, цяпер большая частка такіх работнікаў засяроджаная ў бюджэтнай сферы.

Паводле звестак Белстата, намінальная налічаная сярэдняя зарплата работнікаў у снежні 2018 года склала 1.115,3 рубля (516,4 долара). У параўнанні з лістападам зарплата вырасла на 12,2% (з 994 рублёў), у параўнанні са снежнем 2017 года — на 12,1% (з 995,3). Спажывецкія цэны ў мінулым годзе павысіліся на 5,6%. Такім чынам, рэальная зарплата павялічылася на 6,2% (снежань да снежня).

Паводле падлікаў БелаПАН, у студзені 2019 года ў параўнанні са снежнем 2018-га зарплата ўпала на 12% (рэальная, з улікам інфляцыі — на 12,7%), з лістападам — на 1,2% (2,9%), з кастрычнікам — на 1,8% (4%).

У сувязі з гадавымі выплатамі зарплата ў снежні заўсёды нашмат вышэйшая, чым у лістападзе і студзені. У найноўшай гісторыі Беларусі выключэннем сталі першыя месяцы 1992—1995, 1999, 2000 і 2012 гадоў, калі назіраўся высокі ўзровень інфляцыі, зарплата таксама хутка расла і аказвалася вышэйшай, чым у снежні.

Студзеньская зарплата звычайна вышэйшая за лістападаўскую. Гэты год стаў выключэннем. Такая ж карціна назіралася ў 2009—2011 і 2014—2016 гадах. Зарплата ў студзені была ніжэйшай, чым у кастрычніку папярэдняга года, у 2007, 2009, 2010, 2014—2017 і 2019 гадах.

Павялічыць сярэднюю зарплату да 1.000 дэнамінаваных рублёў Аляксандр Лукашэнка патрабаваў яшчэ да конца 2017 года.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239