Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/20/993574_445566/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 09:10
20.02.2019 13:17 Грамадства

Віцебскія каталікі просяць Лукашэнку працягнуць дазвол на служэнне ў Беларусі ксяндзу Кнураку

Мінск, 20 лютага. Віцебскія каталікі просяць Аляксандра Лукашэнку садзейнічаць у вяртанні ў Беларусь польскага ксяндза Паўла Кнурака, былога пробашча парафіі Ісуса Міласэрнага ў абласным цэнтры. Пад зваротам, накіраваным у Адміністрацыю прэзідэнта, падпісаліся 465 чалавек.

Паводле інфармацыі праваабарончага сайта spring96.org, каталікі звярнуліся да кіраўніка дзяржавы пасля таго, як атрымалі адказ ад упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі пра адсутнасць падстаў для працягу дазволу ксяндзу Кнураку на служэнне на тэрыторыі Беларусі.

"Мы разумеем, што, згодна з заканадаўствам, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў мае права не паведамляць прычыну адмовы, але гэта не зусім сумленна ні ў дачыненні да нас, грамадзян гэтай краіны, ні ў дачыненні да святара, які амаль дваццаць гадоў прысвяціў служэнню на карысць нашай дзяржавы і быў гатовы працягнуць гэтае служэнне. Калі такая прычына існуе, то чаму пра яе нельга ведаць тым, хто ў гэтым зацікаўлены? Бо на двары ўжо ХХI стагоддзе, і жывем мы ў дэмакратычнай дзяржаве", — адзначаецца ў звароце.

Грамадзянін Польшчы ксёндз Павал Кнурак быў вымушаны пакінуць Беларусь у лістападзе мінулага года з-за непрацягу дазволу на служэнне. У студзені парафіяне стварылі на інтэрнэт-платформе petitions.by адрасаваную Гуляку петыцыю з просьбай назваць прычыну, з-за якой ксяндзу забаранілі служыць у Беларусі, а таксама перагледзець гэтае рашэнне. У адказе вернікам Гуляка паведаміў, што 18 кастрычніка 2018 года ён не ўзгадніў запрашэнне ксяндза Кнурака для служэння ў рэлігійнай суполцы "Рымска-каталіцкая парафія Ісуса Міласэрнага ў Віцебску". Чыноўнік адзначыў, што падстаў для перагляду гэтага рашэння няма.

У лютым Гуляка адказаў на паўторны зварот вернікаў. Ён паведаміў, што падстаў для працягу дазволу на служэнне ў Беларусі ксяндзу няма.

Дэлегацыя каталіцкіх біскупаў Беларусі ўзняла праблему неабходнасці атрымліваць дазвол на служэнне для замежных святароў 1 лютага 2018 года на аўдыенцыі ў папы рымскага Францыска. Пасля сустрэчы з пантыфікам мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч паведаміў у інтэрв'ю Ватыканскаму радыё, што папа Францыск быў здзіўлены некаторымі праблемамі, з якімі сутыкаецца касцёл у Беларусі. У ліпені мінулага года Гуляка заявіў, што не лічыць патрэбным мяняць парадак выдачы святарам-замежнікам дазволаў на служэнне на тэрыторыі краіны.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239