Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/20/993583_123654/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 10:49
20.02.2019 14:21 Палітыка, Грамадства

Пуцін: Расія выступае за больш цесную каардынацыю з Беларуссю

Мінск, 20 лютага. Расія выступае за больш цесную каардынацыю з Беларуссю ў знешняй палітыцы і эканоміцы, заявіў Уладзімір Пуцін, выступаючы 20 лютага ў Маскве са штогадовым пасланнем Федэральнаму сходу РФ.

Прамую трансляцыю выступу расійскага прэзідэнта вёў Першы канал.

"Мы лічым правільным актыўна паглыбляць узаемадзеянне ў рамках Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі, у тым ліку больш цесную каардынацыю ў знешнепалітычнай сферы і эканоміцы", — сказаў Пуцін.

"Разам з партнёрамі па інтэграцыі мы працягнем фармаваць агульныя рынкі і ўмацоўваць знешнія сувязі Еўразійскага эканамічнага саюза. У тым ліку трэба ўвасобіць у жыццё ўжо прынятыя рашэнні аб спалучэнні ЕАЭС з кітайскай ініцыятывай "Адзін пояс — адзін шлях" — як пралог да стварэння вялікага еўразійскага партнёрства", — дадаў расійскі кіраўнік.

Размовы пра неабходнасць больш цеснай беларуска-расійскай інтэграцыі паўсталі на фоне не вырашанай да гэтага часу спрэчкі аб кампенсацыі Беларусі наступстваў ад правядзення ў Расіі падатковага манеўру. У Мінску налічылі прыблізна 15 млрд долараў стратаў і разлічваюць на яго пакрыццё. Масква ставіць прэферэнцыі ў залежнасць ад ступені інтэграцыі дзяржаў.

Так, 13 снежня 2018 года расійскі прэм`ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў на пасяджэнні саюзнага Саўміна ў Брэсце заявіў, што Расія гатовая і далей прасоўвацца па шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, уключаючы стварэнне адзінага эмісійнага цэнтра, адзінай мытнай службы, суда, падліковай палаты. За два дні да гэтага віцэ-прэм`ер РФ Дзмітрый Казак на сустрэчы з беларускай дэлегацыяй адмовіўся абмяркоўваць кампенсацыю страт ад падатковага манеўру і давання зніжкі на газ "да прыняцця прынцыповых рашэнняў аб руху ў кірунку далейшай інтэграцыі Расіі і Беларусі ў межах Саюзнай дзяржавы", паведамілі расійскія СМІ.

14 снежня першы віцэ-прэм`ер, міністр фінансаў РФ Антон Сілуанаў заявіў, што Масква не абяцала Мінску выплаціць кампенсацыі з-за рэалізацыі падатковага манеўру ў нафтагазавай галіне Расіі, таму што гэтыя змены з`яўляюцца ўнутранай справай.

У снежні Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін двойчы сустракаліся ў Маскве. 25 снежня яны дамовіліся аб стварэнні рабочай групы "для вырашэння пытанняў у рамках далейшай інтэграцыі дзвюх краін". Наступныя перамовы адбыліся 29 снежня і доўжыліся тры з паловай гадзіны. Афіцыйна іх вынікі апублікаваныя не былі. Адзіным вядомым вынікам стала стварэнне ва ўрадах дзвюх рабочых груп, з кожнага з бакоў, па праблемных пытаннях далейшай інтэграцыі.

10 студзеня на нарадзе па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і падыходах да далейшага развіцця інтэграцыйных напрамкаў Лукашэнка назваў размовы пра аб`яднанне Беларусі з Расіяй "дурнымі і прыцягнутымі за вушы". "Занадта шмат сёння (я аналізую сітуацыю ў нашым грамадстве, ды і ў расіян) ідзе размоў пра аб`яднанне дзвюх дзяржаў. Мы з прэзідэнтам Расіі адназначна вызначылі, што сёння на парадку дня такога пытання няма — пра аб`яднанне", — заявіў афіцыйны беларускі лідар.

Апошні раз Лукашэнка і Пуцін сустракаліся 13—15 лютага ў Сочы. Паводле слоў беларускага кіраўніка, тэму падатковага манеўру яны не абмяркоўвалі.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239