Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/21/993726_12345/
Дата раздрукоўкі: 14.07.2020 01:07
21.02.2019 13:13 Грамадства

Лукашэнка перасцерагае праваахоўнікаў ад раскрыцця крымінальных спраў шляхам прыцягнення да адказнасці невінаватых

Мінск, 21 лютага. Аляксандр Лукашэнка перасцярог праваахоўнікаў ад раскрыцця крымінальных спраў шляхам прыцягнення да адказнасці невінаватых людзей. Пра гэта ён заявіў 21 лютага, прымаючы з дакладам старшыню Следчага камітэта Івана Наскевіча.

"Апошнім часам, асабліва ў сувязі з гэтымі лекарамі — тымі нягоднікамі, якія кармілі ў школах і абіралі дзяцей, — такія хвалі ў грамадстве: "вось, напэўна, не трэба было б саджаць лекараў". Усе перад законам роўныя, але пры гэтым трэба мець на ўвазе адно: ні Гасподзь, ні людзі нам не даруюць, калі мы пакараем невінаватага. Калі мы не можам даказаць — лепш не чапаць гэтага чалавека. Калі ён нягоднік — ён усё роўна патрапіць. Таму ні ў якім разе нельга пакрыўдзіць невінаватага чалавека", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ў ранейшыя часы, асабліва ў савецкія гады, міліцыя працавала па прынцыпе — абы раскрыць злачынства. "Ды хай яно будзе лепш нераскрытым, чым мы яго раскрыем і павесім віну на чалавека невінаватага. Вось гэта павінны ўсе людзі разумець, — падкрэсліў Лукашэнка. — І дзе б вы ў калектывах ні бывалі, вы павінны аб гэтым казаць. Але калі мы цвёрда перакананыя, што ён здзейсніў злачынства, мала не падасца. Асабліва чыноўнік, чалавек у пагонах (гэта адно і тое ж фактычна) — ім трэба памнажаць на два".

Лукашэнка пацікавіўся, як цяпер будуецца праца Следчага камітэта, ці існуюць у дзейнасці ведамства недахопы, якія трэба ліквідаваць. "Я вельмі ўважліва сачу за працай Следчага камітэта. Натуральна, перажываю, таму што мы ў свой час пайшлі на вельмі рашучыя крокі, мадэрнізуючы і фактычна рэфармуючы нашы праваахоўныя органы. Следства выведзенае з усіх ведамстваў і займае асобнае, лідзіруючае месца, таму што вы на фінішы, вы выдаяце вынік", — сказаў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, па шляху рэформаў следчых органаў пайшлі многія краіны, у тым ліку Расія, Казахстан і Украіна, аднак дамагчыся паказальных вынікаў ім не ўдалося. "Але мы цвёрда прынялі рашэнне і рушым гэтым курсам: следства павінна быць незалежным, калі мы хочам вызначаных і эфектыўных вынікаў", — перакананы кіраўнік дзяржавы.

Ён паведаміў, што ў найбліжэйшы час пройдзе нарада, прысвечаная працы ўсяго сілавога блока краіны, на якой будзе падрабязна разгледжаная праца ў тым ліку СК. Адміністрацыя прэзідэнта ўжо рыхтуе гэтае мерапрыемства. "Мы там больш ўвагу сканцэнтруем на тым, што нам трэба зрабіць", — дадаў Лукашэнка.

Ён пацікавіўся новымі вынікамі па гучнай справе аб забойстве ў 2016 годзе ў Мінскай вобласці бізнесмена Сяргея Мяцельскага. "Ведаю, што ў вас нават нібыта з'явіліся добрыя вынікі па тым забойстве пад Беразіно, якое проста, здавалася б тады, немагчыма расследаваць, і там вынікаў быць не павінна. Аказваецца, ёсць нейкія зрухі. Хацеў бы гэта пачуць", — сказаў Лукашэнка.

У сваю чаргу Наскевіч паведаміў, што летась СК засяродзіў свае намаганні ў першую чаргу на аб'ектыўным і ўсебаковым расследаванні крымінальных спраў, недапушчэнні прыцягнення да адказнасці невінаватых асоб. "Я магу з усёй упэўненасцю сказаць, што пэўных поспехаў у гэтым дасягнулі", — заявіў ён.

Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239