Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/22/993872_114478/
Дата раздрукоўкі: 12.07.2020 18:52
22.02.2019 10:15 Эканоміка, Фінансы

Эксперты прагназуюць выхад беларускіх кампаній у 2019 годзе на расійскі рынак капіталу

Мінск, 22 лютага. Беларускія прадпрыемствы ўслед за дзяржавай могуць выйсці на расійскі рынак капіталу. Такое меркаванне выказалі БелаПАН эксперты, каментуючы планы дзяржавы па размяшчэнні на рынку РФ беларускіх аблігацый.

Як паведамлялася, Мінфін мае намер у першым квартале зарэгістраваць у Расію праграму размяшчэння беларускіх аблігацый.

Выхад беларускіх кампаній услед за дзяржавай на расійскі рынак аблігацый цалкам магчымы, лічыць дырэктар інвестыцыйнай кампаніі "Юнітэр" Раман Восіпаў.

"Крыніцы фінансавання беларускага бізнесу абмежаваныя — уласныя сродкі і крэдыты, але крэдыты — гэта "жорсткі" інструмент. Каб атрымаць крэдыт, трэба выканаць шэраг банкаўскіх патрабаванняў. А аблігацыі дазваляюць атрымаць фінансаванне нават пры адсутнасці залогу ў эмітэнта", — адзначыў у каментары БелаПАН Восіпаў.

На яго думку, размяшчэнне аблігацый у Расіі можа быць цікавым варыянтам атрымання фінансавання для сярэдніх і буйных беларускіх кампаній. Пры гэтым, адзначае эксперт, грошы, якiя прыцягваюцца шляхам размяшчэння аблігацый, як правіла, даражэйшыя за крэдытныя рэсурсы.

"Таму малаверагодна, што дзяржпрадпрыемствы будуць карыстацца гэтым інструментам — ім часта больш цікава (больш танна) атрымаць крэдыт у дзяржбанку. А вось сярэднія і буйныя прыватныя беларускія кампаніі, якія працуюць з Расіяй, могуць выйсці з аблігацыйнымі пазыкамі на расійскі рынак", — лічыць Восіпаў.

Пасля таго як дзяржава выйдзе з суверэнным выпускам на расійскі рынак аблігацый, з'явіцца бенчмарк (арыенціровачная стаўка) для будучых карпаратыўных эмітэнтаў, лічыць дырэктар інвестыцыйнай кампаніі "Волат капітал" Сяргей Муханаў.

"Паколькі дзяржава плануе невялікія сумы займаць на расійскім рынку аблігацый, то, хутчэй за ўсё, мэта гэтага захаду адна — стварэнне ўмоў для выхаду карпаратыўных пазычальнікаў на суседні рынак капіталу", — мяркуе ён.

На думку Муханава, у 2019 годзе асноўныя аб'ёмы беларускіх дзяржаблігацый будуць размешчаныя на ўнутраным рынку і, магчыма, у Еўрасаюзе.

"1 сакавіка набывае моц фактычная забарона на прыцягненне замежнай валюты на ўнутраным рынку для прадпрыемстваў і банкаў. Права пазычаць валюту на ўнутраным рынку шляхам выпуску аблігацый рэальна застаецца толькі ў Нацбанка і Мінфіна. Адпаведна, у іх будзе магчымасць "пыласосіць" валюту на ўнутраным рынку і прыцягваць яе больш танна, чым на знешніх рынках", — лічыць эксперт.

На думку дырэктара інвестыцыйнай кампаніі, нельга выключаць і размяшчэнне новага выпуску беларускіх аблігацый на еўрапейскім рынку.

"Што да знешніх рынкаў аблігацый, Кітай малаверагодны партнёр сёлета — дорага, а вось размяшчэнне чарговага выпуску еўрабондаў выключаць нельга. Гэты варыянт будзе асабліва актуальным, калі Беларусь не зможа дамовіцца з Расіяй па падатковым манеўры і на еўрапейскім рынку захаваецца спрыяльная кан'юнктура для размяшчэння бондаў", — адзначыў у каментары БелаПАН Муханаў.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239