Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/22/993884_125478/
Дата раздрукоўкі: 01.12.2020 23:33
22.02.2019 11:57 Грамадства, Палітыка

Абсерваторыя па ахове праваабаронцаў асуджае пераслед у Брэсце Уладзіміра Вялічкіна

Мінск, 22 лютага. Міжнародная арганізацыя "Абсерваторыя па ахове праваабаронцаў" асуджае адміністрацыйны пераслед у Брэсце Уладзіміра Вялічкіна.

У заяве, апублікаванай на сайце spring96.org, адзначаецца, што арганізацыя паінфармаваная аб судовым пераследзе Вялічкіна — члена закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна", а таксама актывіста Віталя Казака і блогера Аляксандра Кабанава напярэдадні вулічнай акцыі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце.

Абсерваторыя па ахове праваабаронцаў асуджае адвольныя арышты і судовы пераслед Вялічкіна, бо, "мяркуючы па ўсім, ён скіраваны на тое, каб пакараць яго за законнае і мірнае ажыццяўленне права на свабоду асацыяцыі і сходаў".

У сувязі з гэтым у заяве ўтрымліваецца заклік да беларускіх уладаў спыніць пераслед праваабаронцаў у Беларусі, забяспечыць ім "фізічную і псіхалагічную недатыкальнасць", выконваць усе міжнародныя абавязацельствы па захаванні правоў грамадзян на свабоду асацыяцый і сходаў, а таксама пры любых абставінах забяспечваць павагу да правоў чалавека і асноўных свабод у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі правоў чалавека і міжнароднымі дакументамі, ратыфікаванымі Беларуссю.

Як паведамлялася, 18 лютага суд Ленінскага раёна Брэста прызнаў праваабаронца Уладзіміра Вялічкіна вінаватым на падставе ч. 1 арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) і аштрафаваў на 15 базавых велічыняў (382,5 рубля). Віталь Казак аштрафаваны на 40 базавых велічынь (1.020 рублёў).

Абсерваторыя па ахове праваабаронцаў створаная ў 1997 годзе Міжнароднай федэрацыяй правоў чалавека і Сусветнай арганізацыяй супраць катаванняў.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239