Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/22/993902_257713/
Дата раздрукоўкі: 28.11.2020 10:35
22.02.2019 13:11 Эканоміка, Фінансы

Падчас візіту беларускай дэлегацыі ў Швейцарыю абмеркаваныя пытанні развіцця супрацоўніцтва ў фінансавай сферы

Мінск, 22 лютага. Пытанні развіцця двухбаковага супрацоўніцтва ў фінансавай сферы паміж Беларуссю і Швейцарыяй абмеркаваныя падчас рабочага візіту ў гэтую краіну 20—21 лютага старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Паўла Калаура і дырэктара адміністрацыі Парку высокіх тэхналогій" Усевалада Янчэўскага, паведаміла прэс-служба Нацбанка.

Дамоўленасць аб арганізацыі візіту была дасягнутая ў лістападзе мінулага года ў Мінску на перамовах кіраўніка Нацбанка са старшынёй камітэта па фінансах Нацыянальнага савета Федэральнага сходу Швейцарскай Канфедэрацыі, старшынёй парламенцкай дэлегацыі Швейцарыі ў Парламенцкай асамблеі АБСЕ, сустаршынёй швейцарскай парламенцкай рабочай групы сяброўства "Швейцарыя — Беларусь" Маргрэт Кінер-Нелен.

Падчас сустрэч членаў беларускай дэлегацыі са старшынёй праўлення Нацыянальнага банка Швейцарыі Томасам Джорданам і старшынёй савета кіраўнікоў Федэральнай службы фінансавага нагляду Швейцарыі (FINMA) Томасам Баўэрам бакі, як паведамляе прэс-служба Нацбанка Беларусі, падрабязна абмеркавалі наяўную эканамічную сітуацыю ў дзвюх краінах, падыходы да рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі, развіцця фінансавых рынкаў. У межах абмеркавання перспектыў лічбавай трансфармацыі сусветнай і нацыянальных эканомік прадстаўнікі дэлегацый абмяняліся думкамі па актуальных пытаннях прававога рэгулявання дзейнасці кампаній, якія аказваюць фінансавыя паслугі на лічбавых платформах (фінтэх-кампаніі).

Члены беларускай дэлегацыі наведалі навучальны цэнтр швейцарскага Нацыянальнага банка ў Герцэнзее. На сустрэчы з кіраўніцтвам цэнтра былі абмеркаваныя пытанні далейшага пашырэння двухбаковага ўзаемадзеяння ў галіне развіцця і навучання персаналу ў рамках рэалізацыі швейцарскім бокам праграмы падрыхтоўкі супрацоўнікаў цэнтральных (нацыянальных) банкаў.

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239