Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/22/993920_12345/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 10:59
22.02.2019 13:23 Палітыка

Лукашэнка: Пашырэнне ваенных блокаў ускладняе сітуацыю блізу нашых межаў (абноўлена)

Мінск, 22 лютага. Пашырэнне НАТА ўскладняе сітуацыю блізу межаў Беларусі, але краіна гатова да дыялогу з Паўночнаатлантычным альянсам, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з курсантамі, слухачамі і прафесарска-выкладчыцкім складам Ваеннай акадэміі 22 лютага ў Мінску.

"Сёння мы бачым, што дзейнасць Паўночнаатлантычнага альянсу на Еўрапейскім кантыненце значна актывізавалася. Пашырэнне ваенных блокаў, распрацоўка і ўкараненне новых тэхналогій узброенага супрацьстаяння ўскладняюць сітуацыю блізу нашых межаў. Усім варта ведаць, што Беларусь не адступіць ад рэалізацыі мірнай знешняй палітыкі", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што краіна і надалей будзе ахоўваць свае інтарэсы, "у тым ліку ў межах сумеснай абароннай дактрыны са сваім стратэгічным партнёрам — Расійскай Федэрацыяй". Аднак гэта не значыць, што Беларусь адмовіцца ад узаемадзеяння з іншымі краінамі і ваенна-палітычнымі арганізацыямі, дадаў Лукашэнка.

"Як суверэнная дзяржава, Беларусь гатовая да канструктыўнага дыялогу, у тым ліку і з Паўночнаатлантычным блокам на прынцыпах парытэтнасці і празрыстасці. Мы сябе не адгароджваем плотам ні ад каго. Мы гатовыя весці гэты дыялог", — заявіў Лукашэнка.

Пры гэтым ён заўважыў, што ў Беларусі ёсць свае інтарэсы, і яны павінны паважацца партнёрамі і тымі, хто хоча супрацоўнічаць з краінай. "Тым не менш вы, будучыя выпускнікі Ваеннай акадэміі, павінны заўсёды быць гатовыя да любога павароту падзей, быць высокапрафесійнымі спецыялістамі, сапраўднымі патрыётамі Бацькаўшчыны. Абавязаныя разумець сваё прызначэнне ў лёсе нашай дзяржавы", — сказаў Лукашэнка.

На думку кіраўніка дзяржавы, "намаганні прафесарска-выкладчыцкага складу акадэміі неабходна накіроўваць на фарміраванне светапогляду курсантаў і слухачоў, паколькі сучасныя вайскоўцы павінны ўмець аналізаваць падзеі ў свеце". "Усім навучэнцам, асабліва слухачам факультэта Генеральнага штаба, неабходна дакладна ўяўляць сабе месца Беларусі ў сістэме міждзяржаўных адносін і глабальнай бяспекі", — падкрэсліў ён.

Лукашэнка таксама наведаў нядаўна створаную IT-роту, сфармаваную з прызыўнікоў-праграмістаў. "Гэта толькі пачатак. І я кіраўнікам сказаў: нам ні ў якім разе нельга загубіць гэтае зерне. Яно павінна прарасці, яно павінна даць вынік не толькі для ўнутранага рынку нашай краіны, але яны павінны папрацаваць і на экспарт, атрымаць у тым ліку добрыя грошы. У адваротным выпадку вы не зможаце канкураваць з Паркам высокіх тэхналогій", — адзначыў Лукашэнка.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239